In English:
Investigation: BMZ sells products to Lithuania for €200 million per year, but the plant itself is deeply in debt
На русском языке:
Расследование: БМЗ продает в Литву продукцию на €200 млн в год, но сам завод погряз в долгах
Літоўскі тэлеканал LRT выпусціў расследаванне аб даччынай кампаніі БМЗ — BMZ-Baltija, якая працуе ў літоўскім Шаўляі. Па інфармацыі выдання, літоўскае падраздзяленне БМЗ займаецца аптовым продажам беларускай металапрадукцыі ў краіны Балтыі, Скандынавіі і Заходняй Еўропы. Санкцыі супраць завода еўрапейцы так і не ўвялі, а Літва, якая дала палітычны прытулак яго былым супрацоўнікам, займае другое месца па імпарце прадукцыі БМЗ, абганяючы толькі Расію.
БМЗ — даўжнік. Куды ідуць мільёны еўра ад экспарту?
Прадукцыя БМЗ паступае ў краіны Балтыі праз прадпрыемства «БМЗ-Балтыя», у якім працуе ўсяго 12 супрацоўнікаў і няма вытворчасці, але аб’ём продажаў складае некалькі сотняў мільёнаў еўра ў год. Больш за палову паставак з БМЗ прыпадае на еўрапейскі рынак.
У 2020 годзе даходы літоўскай дачкі БМЗ склалі €174 мільёна. 2018 і 2019 гады былі для кампаніі яшчэ больш паспяховымі — даход склаў амаль 250 мільёнаў еўра. На што пайшлі гэтыя грошы, ці дасталіся прадпрыемству ў Беларусі — не зразумела. Бо ў той час, як літоўскае падраздзяленне БМЗ налічвае сотні мільёнаў абаротаў, завод у Беларусі адчувае фінансавыя цяжкасці. Лукашэнка неаднаразова ратаваў ад банкруцтва так званы «нацыянальны набытак». Доўг прадпрыемства — 2,2 мільярда рублёў.
Магчыма, продажы вядуцца па класічнай схеме «Гандлёвых дамоў» за мяжой, і грошы асядаюць на кішэнях бізнэсмэнаў, блізкіх да сям’і Лукашэнкі.
У «БМЗ-Балтыя» працуе член сейма і чыноўнік з Бабруйска
LRT высветліла, што ў BMZ-Baltija працуе ўсяго 12 чалавек з сярэдняй зарплатай у €3384. Мэнэджарам па продажах у кампаніі лічыцца Юрый Хілінскі — экс-кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна г. Бабруйска.
Кіраўнік BMZ-Baltija А. Гаведас у размове з журналістамі заявіў, што сам запрасіў Хілінскага, як высокакваліфікаванага супрацоўніка, які разбіраецца ў металургіі. Праўда, адзіная праца, звязаная з металургіяй, была ў Хілінскага ў пачатку яго кар’еры — калі ён працаваў токарам, інжынерам-тэхнолагам на вытворчасці ліфтаў у Магілёве. Хілінскі адмовіўся каментаваць свае абавязкі ў Літве.
Адметна і тое, што адным з заснавальнікаў BMZ-Baltija быў Андрус Шэджус, былы член літоўскага Сейма, які прадаў сваю долю ў кампаніі.
Сам Шэджус у размове з журналістамі заявіў, што адмовіўся ад гэтага бізнэсу, калі стаў членам Сейма ў 2008 годзе. Аднак журналісты высветлілі, што гэта не так і ён уваходзіў у праўленне BMZ-Baltija з моманту яго заснавання да 2012. Якраз у той перыяд таксама быў членам Сейма Літвы.
1000 супрацоўнікаў звольненыя, 3 атрымалі тэрмін. Санкцый няма
У 2020 годзе на БМЗ была сілай падаўлена мірная забастоўка і дзясяткі супрацоўнікаў былі вымушаныя збегчы з краіны.
Літва дала прытулак больш як 35 экс-работнікам прадпрыемства, якія ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў забастоўках, але з-за рэпрэсій былі вымушаны пакінуць Беларусь, у тым ліку лідар незалежнага прафсаюза БМЗ, які уцёк ад крымінальнага пераследу.
Страйкі на БМЗ разганялі з дапамогай АМАП, траіх супрацоўнікаў прадпрыемства прыгаварылі да 2,5-3 гадоў пазбаўлення волі. Па інфармацыі выдання, пасля забастовак 2020 года каля 1000 супрацоўнікаў былі звольненыя з БМЗ або сышлі па ўласным жаданні.
А ў траўні 2021 года кіраўніцтва прадпрыемства збірала подпісы супрацоўнікаў пад адкрытым лістом супраць санкцый Захаду.
Нягледзячы на ўсё гэта, БМЗ удаецца ўхіляцца ад санкцый ЗША і ЕС, хаця многія літоўскія бізнэсы без усялякіх санкцый адмовіліся ад супрацоўніцтва з прадпрыемствам, асуджаючы парушэнне правоў чалавека на заводзе, у прыватнасці — Swedish Scandia Steel.