Аператыўная зводка ад Гаюна за 19 сакавіка аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі

Фота: Міністэрства Абароны РБ
7 хв.

In English: Situation report on military activity on the territory of Belarus for March 19 by Hajun
На русском языке: Оперативная сводка от Гаюна за 19 марта о военной активности на территории Беларуси

Праект Гаюн апублікаваў аператыўную зводку аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі на 07:00 20 сакавіка.

Працягваецца актыўнае перамяшчэнне калон ваеннай тэхнікі УС РФ па тэрыторыі Беларусі (напрыклад, тут, тут, тут і тут). Акрамя грузавікоў «Урал» і «КамАЗ», учора было заўважана перамяшчэнне РСЗА «Град», артылерыйскіх гармат, бронетранспарцёраў і г.д. Акрамя таго, учора было зафіксавана перамяшчэнне палівазапраўшчыкаў, а таксама (меркавана) — перавозка ракет для АТРК «Іскандэр».

Працягваецца пераброска ваеннай тэхнікі па чыгунцы. Так, на чыгуначнай станцыі Лунінец (Брэсцкая вобласць) была заўважана разгрузка эшалона з цяжкай ваеннай тэхнікай. Пасля разгрузкі эшалона была заўважана перавозка САУ 2С1 «Гваздзіка». Таксама быў заўважаны эшалон з ваеннай тэхнікай, які рухаўся ў напрамку Брэста.

Крыніцы, блізкія да чыгункі, паведамляюць, што чакаецца буйная пераброска тэхнікі, боепрыпасаў і асабовага складу ВС РФ чыгуначным транспартам на тэрыторыю Беларусі. Звяртаем увагу, што УС РФ рэгулярна выкарыстоўваюць сетку чыгунак Беларусі для мэт забеспячэння сваёй ваеннай групоўкі. Таксама адзначым, што выкарыстанне чыгуначнага транспарту можа не атрымацца ва ўмовах правядзення дыверсій на чыгунцы.

Найбольшая лётная актыўнасць самалётаў была зафіксавана на ваенным аэрадроме ў Баранавічах (тут і тут). Таксама фіксаваўся вылет верталётаў з аэрадрома ў в. Вялікі Бокаў Мазырскага раёна (тут); самалётаў — з аэрадромаў у Мачулішчах і Лунінцы. Учора не ажыццяўляліся вылеты з ваеннага аэрадрома ў Лідзе (Гродзенская вобласць). Раней мы паведамлялі, што вылеты з аэрадрома спыніліся з-за перамяшчэння самалётаў на аэрадром у Лунінцы (знаходзіцца за 50 км ад мяжы з Украінай).

Працягваецца нанясенне ўдараў па тэрыторыі Украіны аператыўна-тактычнымі ракетнымі комплексамі. Так, было зафіксавана не менш за 5 пускаў ракет з тэрыторыі Мазырскага раёна і 1 — Хойніцкага. Таксама пацвердзілася інфармацыя, што ўчора пік ракетных атак з тэрыторыі Беларусі прыпаў на 22:29 (мінскі час). Такія даныя зафіксаваў магнітаметр у абсерваторыі Конрада ў Вене.

Учора адзначалася актыўнае перамяшчэнне падраздзяленняў УС РБ у паўднёвых рэгіёнах Беларусі (Брэсцкая і Гомельская вобласці). Пераважная большасць машын, заўважаных учора, мелі апазнавальны знак чырвоны квадрат або прамовугольнік. Так, калоны УС РБ былі заўважаныя недалёка ад Драгічына, Пінска, Кобрына, Маларыты, а таксама паміж гарадамі Іванава і Драгічын. У складзе калон былі БРДМ «Кайман», грузавікі «МАЗ», «Урал» і «Volat», мінамёты, радыёстанцыі (ГАЗ-66) і інш.

Верагодней за ўсё, актыўнасць УС РБ абумоўленая ратацыяй падраздзяленняў, якія выконваюць задачы «па ўзмацненні аховы дзяржаўнай мяжы».

Цікавае назіранне. Ваеннаслужачыя некаторых падраздзяленняў УС РБ (напрыклад, 11 механізаванай брыгады са Слоніма) на працягу некалькіх апошніх тыдняў выкарыстоўваюць у якасці сістэмы хуткага распазнання чырвоны скотч. Такую ж сістэму распазнання падраздзялення УС РФ і сепаратыстаў ЛДНР выкарыстоўвалі ў першыя дні ўварвання ва Украіну.

Калі вам вядомая дадатковая інфармацыя аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі, звяжыцеся з намі ў @HajunBYbot або праз форму для зваротнай сувязі ніжэй.

Гэтае поле абавязкова для запаўнення
Папярэдні матэрыял
Беларусаў не пусцілі ў Грузію без тлумачэння прычын
Наступны матэрыял
Крыніцы: два нямецкія самалёты, якія захоўваліся амаль год у Мінску, прададзеныя Ірану

Iншыя матэрыялы