Пасол Украіны пракаментаваў выклік у МЗС РБ наконт збітага беспілотніка

Ігар Кізім
7 хв.

In English: The Ambassador of Ukraine commented on the summons to the Ministry of Foreign Affairs of Belarus about the downed drone
На русском языке: Посол Украины прокомментировал вызов в МИД РБ по поводу сбитого беспилотника

Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў у Facebook свой выклік у МЗС РБ наконт збітага беспілотніка. Прыводзім яго словы без зменаў.

Сёння мяне выклікалі ў МЗС для таго, каб уручыць мне ноту пратэсту пра нібыта парушэнне мяжы беспілотнікам, запушчаным з украінскай тэрыторыі. Не паспеў я выйсці з ліфта ў МЗС Беларусі, як на мяне наляцела беларуская карэспандэнтка дзяржканала БТ 1 (пазней я даведаўся, што клічуць яе Ксенія) і стала настойліва пытацца, ці не шпіянаж гэта?

Тое, што яна з’явілася ў МЗС і загадзя ведала пытанні, пра якія мы размаўлялі з беларускімі калегамі само па сабе ўжо незвычайна і не робіць гонару дыпламатычнаму ведамству. Таму лічу гэта загадзя спланаванай правакацыяй.

Тым больш, што ў гэты час у Мінабароны таксама быў выкліканы памочнік ваеннага аташэ і яго таксама чакаў карэспандэнт з гэтага тэлеканала канала і з тым жа пытаннем. І тут пытанне — навошта? Цяпер да сутнасці пытання. Якія б «карты» сёння не паказвалі беларускія тэлеканалы відавочна адно — у той дзень (а прайшло ўжо больш за тыдзень з «інцыдэнту») у гэтым раёне УСУ не выкарыстоўвалі беспілотнікаў.

Тым больш, наколькі вядома, размова ідзе пра беспілотнікі «Арлан», якія ёсць толькі на ўзбраенні Расіі і Беларусі. Акрамя таго, ёсць спецыяльныя механізмы для ўрэгулявання такіх інцыдэнтаў, прадугледжаных двухбаковым пагадненнем аб дзейнасці упаўнаважаных памежнікаў, у якіх дакладна прапісаны парадак дзеяння ў такіх выпадках, у прыватнасці адпаведных кантактаў на ўзроўні нашых памежных ведамстваў.

Навошта трэба было ігнараваць гэтую дамову, выклікаць пасла і выносіць усё гэта на публіку? І тут я думаю, ці не звязана гэта з тым, што амаль што ў гэты час адбылася сустрэча новага пасла РФ у Беларусі В.Грызлова з А.Лукашэнкам. Ну дык для фону. Трэба ж чымсьці апраўдаць «пагрозу з поўдня», а яшчэ і дапамогі папрасіць нейкай. Толькі навошта гуляць так груба, па-салдафонску. Бо да пытанняў бяспекі на мяжы гэта ніякага дачынення не мае.

Вось прысутнасць расійскіх войскаў на беларуска-ўкраінскай мяжы — гэта сапраўды пагроза для бяспекі, перш за ўсё Украіны, якая ўжо не першы год стрымлівае расійскую ваенную агрэсію на Данбасе.

Так я і сказаў калегам у МЗС Беларусі. Ну а пра «фантазіі» беларускіх карэспандэнтаў, мы сёння пачуем у выпусках навін тэлеканалаў. Як жа без «інфармацыйнага прыкрыцця». Толькі вось навошта?

Папярэдні матэрыял
Беларус даслаў у школу фэйкавае патрабаванне арганізаваць «дыялогавую пляцоўку» — задача была выканана ўмомант
Наступны матэрыял
Бундэстаг не прызнае «рэферэндум» законным: Ціханоўская сустрэлася з дэпутатамі Бундэстага

Iншыя матэрыялы