«Вясна»: за салют 31 снежня ў 23:34 мужа і жонку адправілі сустракаць Новы год на Акрэсціна

Фота: nidan / pixabay.com
3 хв.

In English: Viasna: husband and wife were sent to celebrate the New Year at Akrestsina for the firework on December 31 at 23:34
На русском языке: «Вясна»: за салют 31 декабря в 23:34 мужа и жену отправили встречать Новый год на Окрестина

Тэлеграм-канал «Вясна» назірае» апублікаваў гісторыю затрымання мужа і жонкі ў Мінску ў навагоднюю ноч. Яны запусцілі феерверк у 23:34 і за гэта патрапілі на Акрэсціна на 15 і 13 сутак. Публікуем падрабязнасці гэтай справы.

31 снежня Алена і Мікалай Гаеўскія зладзілі салют у двары ў 23:34, але адразу пасля гэтага былі затрыманыя сілавікамі. У Партызанскім РУУС на мужа і жонку склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаванне». Іх справы разглядаліся 3 студзеня ў судзе Партызанскага раёну. Працэс вёў суддзя Міхась Макарэвіч. Мужчына і жанчына віну не прызналі.

Згодна з пратаколам, яны «пікетавалі шляхам запуску піратэхнічнага сродку (феерверка), на заклік, раней размешчаны ў дэструктыўных тэлеграм-каналах».

Мікалай на судзе патлумачыў, што салют быў на 100 залпаў і запусцілі яны яго «выключна з асабістых меркаванняў», паколькі ў 2020 годзе адсядзеў суткі па «народным» артыкуле 23.34 КаАП. Але зазначыў, што ніякіх лозунгаў яны з жонкай не выкрыквалі і не пікетавалі.

Сведка-міліцыянт на судзе распавёў, што асабіста назіраў за запускам салюту. Ён сцвярджае, што салют быў бел-чырвона-белымі колерамі, а пасля запуску Мікалай і Алена выкрыквалі «правакацыйныя лозунгі». Суд, зразумела, не знайшоў падстаў сумнявацца ў дакладнасці тлумачэнняў міліцыянта.

Акрамя гэтага, доказам віны стала і «падпіска на дэструктыўныя тэлеграм-каналы, са зместам якіх яны ўвесь час былі азнаёмленыя».

У пратаколе затрымання сказана, што сілавікі затрымалі мужа і жонку праз хвіліну — у 23:35.

У рашэнні суда нават згадваецца артыкул 35 Канстытуцыі Беларусі «Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетаў, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай». Але суд гэтага чамусьці не ўлічыў.

На думку суддзі Макарэвіча, запуск салюту ў 23:34, яго колер і лозунгі ў грамадскім месцы сведчаць аб палітычным характары дзеянняў Мікалая і Алены. Вынікам суда стаў арышт Мікалая на 15 сутак і Алены на 13 сутак.

Папярэдні матэрыял
Facebook выдаліў старонкі курдскага дэпутата і журналіста, якія справакавалі штурм мяжы ў Брузгах
Наступны матэрыял
«Іскандэры», «Ураганы», БТРы і «Тыгры»: войскі РФ заўважаюць па ўсёй краіне

Iншыя матэрыялы