Меркаванне. Сяргей Навумчык пра чорны дзень Лукашэнкі

Сяргей Навумчык
5 хв.

Беларускі журналіст, палітык і дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі у 1990—1996 гадах Сяргей Навумчык у сваім Telegram-канале напісаў пост, дзе патлумачыў з чым звязаная сённяшняя агрэсіўная прамова Лукашэнкі накіраваная ў бок краінаў Захаду і што яму варта памятаць з лёсу Югаслаўскага дыктатара Слабадана Мілошавіча. Прыводзім яго словы без зменаў.

Чорны дзень сёньня ў Лукашэнкі. Абсалютна ясна, што ягоная істэрыка супраць Захаду — гэта рэакцыя на рашэньне лідэраў G7 прыцягнуць Пуціна і яго да адказнасьці за вайну ва Ўкраіне.

Тое, што сказана пра «адказнасьць», а не пра суд у Гаазе, не павінна падманваць: ён памятае, што ў дачыненьні да ягонага сябра Мілошавіча таксама казалі пра адказнасьць, больш канкрэтныя юрыдычныя фармулёўкі ўвогуле не ў стылістыцы падобных калектыўных заяў. Але вядома, дзе скончыў Мілашавіч.

Хутчэй за ўсё, рэжым Лукашэнкі не абрынецца раней, чым абрынецца рэжым Пуціна. Будзем рэалістамі: адбыцца гэта можа праз працяглы час. Але несумненна, што пасьля Ўкраіны Пуціна не чакае ні палац у Геленджыку, ні нават манашаскі скіт на ягоным любімым Валдаі. Чакае яго толькі міжнародны суд. Лукашэнку таксама ня варта разьлічваць на Рублёўку: калі ў Расеі новая ўлада будзе зацікаўленая хоць у мінімальнай палітычнай і эканамічнай нармалізацыі з Захадам, Масква аддасьць і Пуціна, і Лукашэнку «на раз».

А памятаеш, Саша, у дзень інаўгурацыі (яшчэ першай, у ліпені 1994), мы, дэпутаты БНФ, казалі табе: «хоць і несумленным чынам абраўся ты прэзыдэнтам, але калі ўжо так атрымалася — будуй незалежную Беларусь». Усе магчымасьці пачаць у той дзень сваю прэзыдэнцкую біяграфію з чыстага аркуша ў цябе былі, як і магчымасьці зрабіць Беларусь ня менш, а то і больш заможнай краінай, чым сёньняшнія яе суседзі па ЭЗ.

І яшчэ мы табе казалі (ды не — крыкам крычалі) — ня лезь у Расею, бо кепска будзе!

Стэнаграму паседжаньня ВС у дзень інаўгурацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы перавялі са свабоднага доступу ў спэцхран, але, думаю, у цябе яна ёсьць. Пачытай.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. Беларускі фармацэўт пра перабоі з пастаўкамі беларускіх лекаў у аптэкі
Наступны матэрыял
Меркаванне. Падборка ютуб-каналаў па тэме беларускай культуры і гісторыі ад Дзмітрыя Навошы

Iншыя матэрыялы