На русском языке:
Источники: Шейман отправляется на Кубу, Африкой будет заведовать кто-то другой
Рэдакцыя motolko.help атрымала інфармацыю, што ўжо ў хуткім часе экс-кіраўнік УДП і бліжэйшы паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман можа быць накіраваны на Кубу, дзе будзе курыраваць кубінскі і венесуэльскі кірунак. Раней Шэйман у большасці сваёй займаўся толькі пытаннямі бізнэсу ў Афрыцы, але гэтым летам здзейсніў візіт на Кубу, дзе сустрэўся з кубінскім прэм'ерам, а пасля суправаджаў амбасадара Венесуэлы на Кубе. А ўся справа ў тым, што справы ў Афрыцы ідуць не так добра, як бы ім хацелася. Расказваем, якія факты пацверджваюць хуткі ад'езд Віктара Шэймана на «востраў свабоды».
З 6 па 10 кастрычніка 2021 года ў Беларусі з візітам знаходзіўся Адан Чавес Фрыяс – старэйшы брат Уга Чавеса і спецыяльны пасланнік прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры. Цікава, што гэты візіт практычна не асвятляўся ў незалежных СМІ, аднак чытачы motolko.help заўважылі некалькі цікавых момантаў, на якія неабходна звярнуць увагу.
7 кастрычніка брат Чавеса праводзіць сустрэчу з Лукашэнкам, на якой абмяркоўваюцца сумесныя праекты ў сферы будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Зрэшты, для нас цікавей, хто прысутнічаў на гэтай сустрэчы. На афіцыйных кадрах выразна бачна, што побач з кіраўніком МЗС РБ Уладзімірам Макеем сядзіць не хто іншы, як Віктар Шэйман. Але ж адна з ключавых асоб для Лукашэнкі курыруе разам з Зінгманам пытанні на Афрыканскім кантыненце, з якой мэтай ён на сустрэчы з палітыкам з Лацінскай Амерыкі?
Віктар Шэйман на сустрэчы з Аданам Чавесам, 7 кастрычніка 2021 года / BELTA
На гэтым суправаджэнне Шэймана не сканчваецца, 9 кастрычніка ён побач з Чавесам падчас наведвання Брэсцкай крэпасці, пра што Чавес сам расказаў у Twitter.
Віктар Шэйман з Аданам Чавесам, 9 кастрычніка 2021 года / Adan_Coromoto
Пра што можа казаць прысутнасць Шэймана на сустрэчах з лацінаамерыканскімі палітыкамі?
Па нашай інфармацыі, Віктар Шэйман і Аляксандр Зінгман, хутчэй за ўсё, больш не будуць займацца пытаннямі ў Афрыцы, зараз «адказны за кантынент» будзе нехта іншы.
«На пасаду базавага куратара адказных па Афрыцы, падрыхтаваная іншая кандыдатура. Зінгман губляе «кропкі ўваходу», – паведамляюць крыніцы motolko.help
Можна было б падумаць, што гэта звязана з публікацыяй «архіва Пандоры», але не. Паведамляюць, што ў Зінгмана і Шэймана не атрымліваецца падтрымліваць кантакты, а самае галоўнае, праекты ў Афрыцы. У шэрагу краін змяніліся ўрады, напрыклад у Замбіі перамог на выбарах апазіцыянер Хакаіндэ Хічэлема, а прэзідэнт Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Фелікс Чысекедзі пачаў інтэнсіўна збліжацца з Ізраілем. У канцы кастрычніка прэзідэнт ДРК упершыню з 1985 года прыбыў у Ізраіль, дзе правёў сустрэчу з прэм’ер-міністрам Ізраіля Нафталі Бенетам і прэзідэнтам Іцхакам Герцогем. Акрамя таго, прэзідэнт ДРК заключыў шэраг кантрактаў на пастаўку ваенных аўтамабіляў, машын хуткай дапамогі, матацыклаў і самага галоўнага – зброі мясцовай вытворчасці. Нагадаем, што менавіта Аляксандр Зінгман ад Лукашэнкі адказваў за продаж зброі ў Афрыку і менавіта ў ДРК, у канцы сакавіка, ён быў арыштаваны.
«Галоўны пасыл – ДРК і Ізраіль брацкія народы, і мы гатовыя да супрацоўніцтва, але пры ўмове, што Ізраіль адкліча сваіх «надзіральнікаў» Аляксандра Зінгмана і Дэна Гертлера [партнёра Зінгмана – заўв. motolko.help]. Замест іх ад Ізраіля па Афрыцы будуць працаваць іншыя людзі, якія зусім не такія блізкія да Беларусі», – паведамляюць крыніцы motolko.help.
Атрымліваецца, што «афрыканскі дуэт» Зінгмана і Шэймана скончаны? Адназначна сцвярджаць мы не можам. Але варта сказаць, што якраз сёння, 2 лістапада, самалёт Аляксандра Зінгмана з бартавым нумарам M-ABEC вярнуўся ў Мінск з афрыканскага турнэ. За апошнія 1,5 месяца борт пабываў тройчы ў Зімбабвэ, двойчы ў Танзаніі, Тунісе, Нігерыі, ААЭ, Егіпце, Мазамбіку, ПАР і Буркіна-Фасо. А таксама ў Латвіі, Ісландыі і ЗША.
Палёты самалёта Зігмана 15.09 – 02.11 / motolko.help
Што ж тычыцца Шэймана, то хутчэй за ўсё, ён адправіцца на Кубу. Вядома, можна было б выказаць здагадку, што ў Венесуэлу, калі ён суправаджае тамтэйшага палітыка, але тая краіна занадта неспакойная, ды і Шэйман ужо не малады. На карысць кубінскага кірунку, кажа тое, што пасля адстаўкі з пасады кіраўніка спраў прэзідэнта, чыноўнік паляцеў туды ў якасці спецпасланніка, дзе 3 ліпеня сустракаўся з прэм’ер-міністрам Кубы Мануэлем Марэра Крусам, пра што сам кубінскі палітык паведаміў у Twitter.
Recibí al Enviado Especial del Presidente de Belarús, Víktor Sheiman. Intercambiamos sobre propuestas para desarrollar nuestras relaciones económicas, comerciales y de cooperación en sectores como la agricultura, la construcción, la ciencia, la tecnología y el turismo. #SomosCuba pic.twitter.com/foCeo6V8Wg
— Manuel Marrero Cruz (@MMarreroCruz) July 2, 2021
«Ён будзе знаходзіцца ў хуткім часе на Кубе ў якасці нейкага эмісара па эканамічных праектах. Акрамя таго, гавораць, што ў яго сур’ёзнае захворванне, якое ён паспрабуе лячыць, пастаянна знаходзячыся на Кубе ў адной з кубінскіх клінік. Адан Чавес зараз, якраз і з’яўляецца паслом Венесуэлы на Кубе. Ён цалкам можа дапамагчы яму размясціцца на Востраве Свабоды», – распавядаюць крыніцы.
Дарэчы, прымаючы адстаўку Шэймана, Лукашэнка абяцаў ужо гэтым летам прапанаваць яму некалькі варыянтаў працы, а пакуль прасіў працягваць займацца Кубай, Венесуэлай і Афрыкай. Ніякай афіцыйнай інфармацыі аб адпраўцы Шэймана пакуль няма, але склаўшы ўсе факты можна меркаваць, што ў хуткім часе паплечнік Лукашэнкі можа адправіцца на новую працу з невялікімі абавязкамі на «востраве свабоды» ў Карыбскім моры.
Калі ў вас ёсць дадатковая інфармацыя па гэтай тэме, напішыце нам у бот для зваротнай сувязі – Motolko_bot.