Расказы людзей, якія прайшлі праз цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў па ўсёй краіне, і асабліва на Акрэсціна, не перастаюць шакаваць падрабязнасцямі. Перапоўненыя камеры, адсутнасць элементарных сродкаў гігіены і спальных рэчаў, тыдні без прагулак і дадатковыя «суткі». І перадачы, якія не даходзяць да адрасатаў. Рэдакцыя motolko.help сабрала каментары асуджаных па адміністрацыйных артыкулах і іх блізкіх пра тое, як цяпер ідуць справы з перадачамі.
«Я была на Акрэсціна. Калі раптам чалавека забіраюць у сераду, а суд у пятніцу, і чалавек будзе яшчэ ў ІЧУ, там дакладна трэба перадаваць у чацвер перадачу. Яе прымуць. Аддадуць чалавеку, калі ён пойдзе на суд, і яе можна будзе ўзяць у ЦІП. Яе могуць аддаць не цалкам, але нешта сапраўды можна ўзяць. Астатняе залежыць ад змены. Калі чалавек у прынцыпе потым застаецца ў ІЧУ, перададуць перадачу. Калі суд у чацвер у другой палове дня, ёсць верагоднасць, што паспеюць аддаць перадачу.
У ЦІП перадачы аддаюць на выхадзе. Спрабуюць прымусіць падпісаць дакумент, што перадачу аддалі ў патрэбны дзень. У камеру яе не перададуць, верагоднасць 99 адсоткаў. Да нас у камеру ў ЦІП неяк перадалі ў траўні, але потым нічога не даходзіла».
Сябар сядзеў 17 сутак. Дзве перадачы зрабілі, абедзве выдалі на выхадзе, трохі «спустошыўшы». Не перадавалі ў іх усім палітычным, адбіралі мыла і зубныя шчоткі. Падсаджвалі бамжоў і ім дэманстратыўна выдавалі мыла і іншыя [сродкі гігіены].
«Муж адбываў 8 сутак з 9-ці (затрыманы быў **.11.2020 года), суд у лістападзе. Быў на Акрэсціна з **.06.21 па **.06.21. З’явіўся ў РУУС Завадскага раёна па позве. З сабой змог узяць у камеру зубную шчотку і пасту, мыла, дэзік і вільготныя сурвэткі. Усё астатняе забралі, аддалі на выхадзе. Перадачу ад **.06.21 аддалі на выхадзе. У камеры на 20 чалавек была ў выніку адна зубная шчотка, дзве пасты і дзве бутэлькі для вады».
Знаёмага два тыдні таму выпусцілі. Сядзеў 15 сутак за белы бранзалет і налепку з Пагоняй на тэлефоне. Першая перадача з цёплымі рэчамі да яго дайшла, астатнія аддалі толькі раніцай у дзень выхаду.
«Сяброўка была ў ЦІП на Акрэсціна, выйшла два тыдні таму. Перадачы, як і лісты, не перадаюць. Перадачы аддаюць калі вызваляешся, пад подпіс у нейкім дакуменце, што нібыта атрымаў усё своечасова і ў поўным аб’ёме. Прычым аддаюць не ўсё, што перадавалі. Напрыклад, з нашых перадач зніклі цыгарэты, шакаладкі і нешта яшчэ. Калі пачаць абурацца і адмовіцца падпісваць, то могуць адвезці ў РУУС, скласці яшчэ адзін пратакол і даць яшчэ сутак 10-15. І, натуральна, ты нічога не дакажаш».
Мой хлопец выйшаў з Акрэсціна ** чэрвеня. Перадачы не перадаюць, частка перадачы знікла. Аддаюць на выхадзе. Няма шортаў, штаноў, зніклі дзве пары шкарпэтак і ручнікі, вада і крыху ежы. Лісты таксама не даходзяць. Увогуле першая перадача вярнулася, а другая бясследна знікла.
«Выходзіў з Жодзіна ** мая, там перадачы на той момант даходзілі. А вось на Акрэсціна не перадавалі. З’ехалі этапам з намі ў Жодзіна і там ужо атрымалі. Акрэсцінская перадача апынулася не ў поўным аб’ёме».
Калега з працы выйшаў з Акрэсціна пасля 13 сутак у мінулую нядзелю. Нічога не перадавалі: ні лісты, ні перадачы.
«Сядзеў у маі, усе перадачы аддалі мне ўжо на выхадзе. І там, здаецца, нічога не прапала. Але некаторым выбарча перадачы аддавалі падчас адсідкі. Логікі ў тым, каму і чаму аддалі, а каму не — мы не знайшлі. Але тым, каму перадачы перадавалі, частка рэчаў, указаных у спісе перадачы, адсутнічалі. Напэўна, крадуць».
Наша дачка сядзела ў красавіку. Нічога з перадач не аддалі. Ні вопратку, нават самую неабходную, таму што яе ўзялі ў лёгкай хатняй, ні ежы. Усё вярнулі на выхадзе. І такім жа чынам у іншых людзей, якіх мы бачылі вакол. Хоць усю працэдуру прыёму перадач імітуюць. Людзі стаяць у чарзе цэлы дзень у надзеі.
«Гэты від здзекаў пачаўся яшчэ ў маі. У ІЧУ ў канцы мая сяброўцы перадачу аддалі пасля суда, праз 3 дні пасля дня перадач. Наступную перадачу, якую перадавалі ўжо ў ЦІП, ёй аддалі на выхадзе, з яе прапаў шакалад, 6 плітак. На днях мне сказалі, што ўжо і ў ІЧУ не аддаюць пасля суда, усё толькі на выхадзе».
Мая мама пару тыдняў таму выйшла з сутак. Перадачы не даходзяць, усё аддаюць толькі на выхадзе. За 30 дзён ніводнай перадачы, ніводнага ліста, не водзяць у душ, не выводзяць на прагулкі.
«І яшчэ, улічваючы што яны цяпер любяць даваць дадатковыя «суткі» і пратаколы (у мяне так было), калі першыя суткі скончыліся, мне на выхадзе аддалі тую перадачу, што не дайшла. Адвезлі ў РУУС, далі новы пратакол, вярнулі на Акрэсціна. І там перадачу гэтую мне далі ўзяць, і ў ІЧУ яна ў мяне была, і ў ЦІП потым.
Так што лепш усё ж перадаваць нават у ЦІП. Калі раптам чалавека адразу не адпусцяць, то будзе верагоднасць, што аддадуць перадачу ў гэтым цыкле РУУС – Акрэсціна».
Я адбыў 15 сутак у ЦІП на Акрэсціна. Ніякія перадачы ў ЦІП палітычным не даходзяць. Мне і суседу іх аддалі пры выхадзе. Да гэтага часу дома ем тое, што перадалі. А ў цэлым – вось вельмі дакладнае апісанне таго, што адбываецца ў ЦІП.
«З Акрэсціна выйшла знаёмая. Перадачы зняволеным не перадаюць. Яе затрымлівалі «планава». З тых рэчаў, якія яна сабрала, дазволілі ўзяць толькі лекі і самыя неабходныя сродкі гігіены. Пры выхадзе ўсё вярнулі.
У камеры на 4 чалавекі іх было 16. Падсаджваць бамжоў. Уся апрацоўка – залівалі растворам з хлорам і ўсё. Пасцельнай бялізны і матрацаў няма. Спалі на падлозе. Ад недахопу кіслароду ва ўсіх круцілася ў галава».
Адкрываецца «кармушка» і даюць распісацца на лістку з пералікам рэчаў, прычым спіс закрываюць рукой, каб немагчыма было прачытаць. Потым «кармушка» зачыняецца са словамі: «Пайшоў нах**й адсюль!» І праз 5-10 хвілін аддаюць перадачу.
«ЦІП Акрэсціна. Муж адсядзеў 20 сутак з ** па ** чэрвеня. Аднесла 2 перадачы і абедзве аддалі толькі на выхадзе ў поўным аб’ёме. Лісты і тэлеграмы не аддалі. Цікавая заўвага: усе наяўныя грошы (добра, што было толькі ** рублёў ** капеек) канфіскавалі ў кошт аплаты ўтрымання, нават далі чэк».
Аддалі на выхадзе з ужо сапсаванымі прадуктамі. ІЧУ Нясвіжа на вуліцы Савецкай, 30.
«Наш сябар выйшаў каля месяца назад з Акрэсціна. Дзве перадачы яму не перадалі. Аддалі не поўныя. Пры гэтым бамжам і алкашам у камеры перадачы аддавалі».
Выйшла ў пачатку чэрвеня. Перадачы зняволеным не перадаюць. Аддаюць на выхадзе. Здаецца, нічога не знікае. Нават сапсаваныя прадукты вяртаюць.