Сын Шэймана, «зброевы барон» Зінгман і экс-сілавікі таемна здабываюць золата ў Зімбабвэ

7 хв.

На русском языке: Сын Шеймана, «оружейный барон» Зингман и экс-силовики тайно добывают золото в Зимбабве

Літоўскае выданне Siena, праграма «Давайце разбірацца» тэлеканала Белсат, Хадзіджа Шарыфэ, Мафіра Курава, Аляксей Карпека (@menskdoldrums), Праспэр Татэнда, Станіслаў Івашкевіч і OCCRP выпусцілі сумеснае расследаванне, у якім дзякуючы злітым дакументам Pandora Papers даецца адказ на пытанне: хто стаіць за беларускім бізнэсам па золатаздабычы ў Зімбабвэ?

Zim Goldfields — беларуская кампанія ў Зімбабвэ, пра якую ніхто не ведаў

Усё пачалося з таго, што ў лістападзе 2020 года кітайская кампанія пачала закопваць залатаносныя шахты ў раёне Мутаса ў Зімбабвэ, тады жыўцом былі пахаваныя 10 чалавек і высветлілася, што дадзены ўчастак належыць беларускай кампаніі «Zim Goldfields» — гэта было першае згадванне аб гэтай кампаніі ў адкрытых крыніцах.

Журналісты-следчыя высветлілі, што «Zim Goldfields» была створана ў 2018 годзе. І 70% у ёй належала брытанскай фірме «Midlands Goldfields Limited», якая ў сваю чаргу кіравалася праз сейшэльскую кампанію «Midlands Goldfields Foundation». Апошнюю ў снежні 2017 года заснавалі Аляксандр Зінгман і сын Віктара Шэймана — Сяргей Шэйман.

Хто такі Яўген Жоўнер і пры чым тут кампанія «Белгеапошук»?

Для правядзення работ на ўчастках у Зімбабвэ у 2018 годзе была нанятая беларуская кампанія «Белгеапошук», якая належыць «Глобалкастам-мэнэджмент», адзін з уладальнікаў якой — Яўген Жоўнер. Па інфармацыі расследавання, менавіта ён падпісваў дакументы па стварэнні «Zim Goldfields».

Дарэчы, раней Жоўнер працаваў ва Упраўленні справамі прэзідэнта, а ўнутры кампаній яго называюць даверанай асобай Віктара Шэймана.

Сама кампанія «Белгеапошук» была створана яшчэ ў 2016 годзе і займаецца геалагічнай разведкай нетраў у іншых краінах. Акрамя Зімбабвэ іх геолагі ездзілі ў камандзіроўку і ў Паўднёвы Судан. Характэрна, што ў іх ёсць свая «служба бяспекі», дзе працуюць былыя сілавікі і разам з геолагамі ездзяць у камандзіроўкі.

Адзін з іх — былы спецназавец Яўген Чанаў, які з’яўляецца першым дырэктарам першага беларускага прыватнага ахоўнага прадпрыемства «ГардСэрвіс». Акрамя таго, менавіта Чанаў займае пасаду намесніка дырэктара ў «Белгеапошук».

Аляксандр Зінгман ў Афрыцы займаецца не толькі золатаздабычай

З дакументаў, апублікаваных Pandora Papers, даследчыя высветлілі, што Zim Goldfields — гэта далёка не адзіная кампанія, якая фігуруе ў беларуска-афрыканскіх зносінах.

У 2016 годзе Аляксандр Зінгман разам з праўладным бізнэсоўцам Аляксандрам Шакуціным заснавалі ў Ганконгу кампанію Afex Company Limited.

Зыходзячы з атрыманых дадзеных, гэтая кампанія займалася пастаўкамі беларускай тэхнікі ў Афрыку і была ліквідаваная ў 2018 годзе.

Журналісты паспрабавалі ўзяць камэнтар ва ўсіх удзельнікаў расследавання. Але Аляксандр Шакуцін быў адным з нямногіх, хто на сувязь выйшаў і пацвердзіў, што Afex сапраўды працавала ў Афрыцы:

«У нас была праграма работы ў Афрыцы. Але еўрапейскія банкі адмаўляліся працаваць з гэтай кампаніяй з-за таго, што я блізкі да [Лукашэнкі]. Адпаведна, я вырашыў не ўмешвацца ў працу кампаніі», — сказаў Аляксандр Шакуцін.

Каментары пра сувязі Аляксандра Зінгмана з кампаніямі Zim Goldfields і Afex Company Limited спрабавалі атрымаць і праз яго Дубайскую кампанію AFTrade.

Аднак у адказ апошняя прыстрашыла прыняць «неадкладныя» судовыя пазовы да публікацыі расследавання і заявіла, што Аляксандр Зінгман: «не звязаны з грамадзянінам Сяргеем Шэйманам у дзелавых зносінах або аперацыйных кампаніях».

Падрабязнасці расследавання можна паглядзець у праграме «Давайце разбірацца». Літоўская частка расследавання апублікаваная ў матэрыяле Siena.

Дарэчы, праз 3 гадзіны пасля публікацыі расследавання пра Зімбабвэ, самалёт Зінгмана вылецеў з Рыгі, прызямліўся ў Мінску і накіраваўся ў Нігерыю. Зараз падлятае да сталіцы — у горад Абуджа.

Нагадаем, былога кіраўніка справамі Лукашэнкі Віктара Шэймана падазраюць у арганізацыі так званых «эскадронаў смерці», якім прыпісваюць забойства лідараў беларускай апазіцыі і аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага.

Папярэдні матэрыял
Да паставак БелАЗаў у Чылі датычны экс-намеснік дырэктара Віленскай турмы, якому зараз можа пагражаць да 5 гадоў
Наступны матэрыял
З Мінска паведамляюць пра масавае атручэнне дзяцей з ускладненнем на ныркі

Iншыя матэрыялы