На русском языке:
В 2022 г. ВС РФ вывозили пленных украинцев в фильтрационный лагерь в Наровле, там людей пытали, туда же приезжали пропагандисты с НТВ, — расследователи
Расследавальнікі Беларускага расследацыйнага цэнтра устанавілі дакладнае месцазнаходжанне фільтрацыйнага лагера, які расійскія вайскоўцы стварылі ў беларускай Нароўлі ў 2022 годзе. Да гэтага часу дакладнае размяшчэнне гэтага месца было невядома, усё зводзілася толькі да апісання, якое маглі распавесці тыя, хто там быў — «тэрыторыя, якая нагадвае закінуты калгас або рамонтную базу».
Месцазнаходжанне фільтрацыйнага лагера ў Нароўлі / БРЦ
Адзін з былых палонных распавёў журналістам, што ў 2022 г. расійскія вайскоўцы вывезлі яго з братам у Беларусь на аўтазаку. Людзей прывозілі ў «нейкі калгас», дзе, па словах розных сведкаў, да людзей прымяняліся катаванні. Тое ж самае распавёў і вайсковец УСУ Багдан Лысенка, які трапіў у палон у сакавіку 2022 г. і таксама прайшоў праз Нароўлю.
«Нароўля — гэта была такая прапагандысцкая карцінка, што мы [расійскія вайскоўцы] такія, кшталту, чалавечныя… Але ніхто ж не паказвае з іх, як там дапытвалі грамадзянскіх. А грамадзянскіх там білі, дай божа… Гэта значыць, там увесь час былі чутныя крыкі», — сказаў Лысенка.
Расследавальнікам удалося знайсці Багдана на кадрах у сюжэце прапагандысцкага НТВ, дзе яго параненага нясуць на насілках. Ён, і іншыя ваеннапалонныя, якія прайшлі праз Нароўлю, пацвердзілі — гэта той самы калгас у Беларусі, а не якая не Украіна, як падпісана ў сюжэце прапагандыстаў.
Кадры з Лысенкам у сюжэце прапагандысцкага НТВ, 2022 г.
Удалося ўстанавіць, што гэты фільтрацыйны лагер, дзе ўтрымлівалі палонных, знаходзіўся на вул. Камсамольскай у г. Нароўля — гэта тэрыторыя ў валоданні ТАА «Прыпяцкі альянс», якое ўваходзіць у структуру Белкаапсаюза Саўміна РБ.
ТАА «Прыпяцкі альянс» / БРЦ
Журналісты патэлефанавалі ў «Прыпяцкі альянс», дзе ім параілі звярнуцца з пытаннямі ў выканкам, а кіраўнік Нараўлянскага выканкама Уладзімір Антоненка, на пытанні расследавальнікаў адказаў — «вы не туды патрапілі».
Незаконны вываз палонных грамадзянскіх асоб, у тым ліку непаўналетніх, у Нароўлю — парушэнне палажэнняў Жэнеўскай канвенцыі. Асобнае ваеннае злачынства — гэта ўтрыманне ваенных і грамадзянскіх у адным месцы, што таксама мела месца ў Нароўлі. Юрыстка Юлія Паляхіна сказала, што адказнасць за арганізацыю фільтрацыйнага лагера на тэрыторыі Беларусі павінен панесці Аляксандр Лукашэнка.
«Фільтрацыйныя лагеры не могуць стварацца без упаўнаважаных дзяржаўных асоб, якія мусяць даць на гэта згоду. І калі людзей б’юць, катуюць, не аказваюць меддапамогі — гэта ваеннае злачынства. І гэта не можа адбывацца без згоды ўладаў», — сказала Паляхіна.