Літоўскае выданне Siena.lt апублікавала расследаванне пра банкруцтва кампаніі беларускага бізнэсоўца Уладзіміра Цяльпука, які ў сярэдзіне 2000-х быў блізкі да ўлады ў Беларусі, а цяпер жыве ў Літве і абвінавачваецца ва ўтойванні 5 мільёнаў еўра і сувязях з праўладным бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым. Рэдакцыя Motolko.help публікуе высновы і інфармацыю ад сваіх крыніц.
Пакарыў Эверэст і стварыў Vlate. Кароткая перадгісторыя
У 2006 годзе Цяльпук пакарыў Эверэст, а ў якасці ўзнагароды атрымаў ад Лукашэнкі медаль «За адвагу». Праз год узначаліў беларускую будаўнічую кампанію Vlate Grupp, кіраўніцтва якой вялося праз швейцарскую кампанію з вельмі падобнай назвай Vlate Holding. А яшчэ была замешаная ў шэрагу скандалаў з будаўніцтвам у цэнтры Мінска. Верагодна, гаворка ідзе пра скандал вакол будаўніцтва элітнага жыллёвага комплексу па вуліцы Захарава, 29а.
Літоўскі кірунак Уладзімір Цяльпук адкрыў для сябе ў 2010 годзе з заснавання кампаніі UAB Vlate, а ўжо праз 2 гады кампанія набывае раскошны катэдж на вуліцы Рудзенс ў Вільні.
Што звязвае Уладзіміра Цяльпука з праўладным бізнэсоўцам Зайцавым
У тым жа 2012 годзе ў катэдж Vlate рэгіструецца кампанія Sohra, уладальнікам якой з’яўляецца Аляксандр Зайцаў, былы памочнік Віктара Лукашэнкі. Цяльпук не хавае знаёмства з адным з самых набліжаных да ўлады бізнэсоўцаў Беларусі, але цалкам адмаўляе бізнэс-супрацоўніцтва з ім.
На пытанне журналістаў, як у бізнэс-імперыі Зайцава апынулася кампанія з ужо знаёмай назвай Vlate Logistik, Цяльпук адказаў:
«Я яму нешта прадаў, і, магчыма, у яго таксама ёсць фірма з падобнай назвай. (...) Я там ніколі не быў, не ўдзельнічаў і не маю да яе дачынення».
А на пытанне, чаму ў катэджы яго кампаніі была зарэгістраваная кампанія Зайцава сказаў:
«Вы маглі б проста папрасіць мяне: "Дайце мне адрас для рэгістрацыі". Даў, і ўсё. І на гэтым канец».
Банкруцтва Vlate: зніклыя машыны і мільёны
Справы ў Цяльпука ішлі добра, пакуль у мінулым годзе Vlate нечакана не абанкруцілася. Пачалі выкрывацца непрыемныя падрабязнасці.
Кампанія Adminova, якая вядзе справу аб банкруцтве, паведаміла, што не знайшла аўтамабіль Mercedes, які лічыўся на кампаніі Vlate. Таксама высветлілася, што Цяльпук схаваў дакументы, якія сведчылі пра мільён даляраў, што былі ва ўласнасці фірмы. А агульная сума актываў, якія «згубіліся» складае больш за $5 000 000.
Але і гэта не ўсё: у працэсе банкруцтва кіпрская кампанія Diamond Techsnab Limited падала пазоў аб выплаце доўгу на суму больш за мільён еўра, які Vlate мусіла ім вярнуць яшчэ ў 2016 годзе.
Тут варта адзначыць, што кіраўніком Diamond Techsnab Limited з’яўляецца грамадзянін Беларусі Аляксандр Стрэльчык.
У размове з журналістамі Цяльпук запэўніў, што гэтыя грошы не маюць ніякага дачынення да Зайцава:
«Я магу паклясціся на Бібліі, што яны не мелі да яго ніякага дачынення», — сказаў Цяльпук.
Што звязвае Цяльпука з протаіерэем Фёдарам Поўным і бізнэсвумен Фларынай Паламанай
У рэдакцыю Motolko.help паступіла дадатковая інфармацыя пра сувязі беларускага бізнэсоўца Уладзіміра Цяльпука з протаіерэем Фёдарам Поўным і Фларынай Паламанай праз фірму «Патрыярх». Гэтую інфармацыю нам пацвердзілі ў некалькіх крыніцах.
«Цяжкасці былі, калі Цяльпук будаваў дамы на вуліцы Румянцава. Ён пачаў падключаць да вырашэння пытання былога камітэтчыка Фёдара Поўнага і яго знаёмую Фларыну Паламаную. Яны актыўна супрацоўнічалі па нерухомасці і камп'ютарах. Накшталт, фірма «Патрыярх» называлася. Былі вялікія пастаўкі камп'ютараў».
Пасля Цяльпук зацікавіўся будоўляй па вуліцы Захарава. Для вырашэння праблем частка кватэр была прададзеная «патрэбным» людзям. Напрыклад, Канюку па цане менш $600 за квадрат. Калі падатковая інспекцыя Цэнтральнага раёна выставіла прэтэнзіі па ўсіх кватэрах, прададзеных па смешных коштах, то пытанне хутка замялі: падатковая правяла аналіз коштаў на рынку і пагадзілася з коштам $600 за квадратны метр. Цяльпук падкрэслівае сваю праведнасць, пабожнасць і сувязі з сілавікамі. Але магчымасцю не плаціць заўсёды скарыстаецца», — распавядаюць крыніцы.
Пра бізнэс-праекты протаіерэя Фёдара Поўнага вядома няшмат. Акрамя гучнага будаўніцтва Дома Міласэрнасці, які дэ-факта з’яўляецца не бюджэтным санаторыем для замежнікаў, Поўнага звязваюць і з дзейнасцю кампаніі «Дыяконія», створанай пры Беларускім экзархаце.
Праз «Дыяконію» ў Беларусь ішлі бясконцыя партыі тавараў. Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці кампаніі быў імпарт дарагога алкаголю і прадуктаў. Пры гэтым яна карысталася ільготамі па падаткаабкладанні, устаноўленымі для царкоўных арганізацый.
Пра Фларыну Паламаную інтэрнэту вядома яшчэ менш. Жанчына мела грамадзянства РФ і жыла ў Мінску. Нам паведамілі, што Фларына памерла восенню 2019 года.
Да гэтага, у тым жа 2019 годзе Фларына разам з трыма партнёрамі купіла ІТ-кампанію ТАА «БЕСК Комплекс Салюшэнс», якую ў тым жа годзе перайменавала ў ТАА «Філасофія Праграм» (раней гэтая кампанія належала літоўскаму ЗАТ Vitela). Распавядаючы пра новых уладальнікаў кампаніі Мечыслава Казлоўскага, Роланда Трояна і Александэра Фейгельсона, Фларына казала, што яны ўсе з Літвы.
«Аднаго з іх, Александэра Фейгельсона, я ведаю ўжо 30 гадоў, ён ніякага дачынення да ІТ не меў, але сур’ёзна займаўся бізнэсам», — казала яна.
Акрамя таго, журналістам яна распавядала, што яе сям’і належаць два офісныя будынкі — па Антонаўскай, 14а і па Антонаўскай, 14б. Па стане на сакавік 2021 года, кампанія «Філасофія Праграм» знаходзілася ў стадыі ліквідацыі і ўжо была выключаная з ПВТ.