На русском языке:
Отравление или COVID-19? В Минске подозрительно много детей с почечной недостаточностью
На выхадных тэлеграм-канал «Белыя Халаты» паведаміў, што ў дзіцячых бальніцах падазрона шмат пацыентаў з гемалітыка-ўрэмічным сіндромам (ГУС). Колькасць новых хворых перавышае леташнія лічбы, што вельмі насцярожвае медыкаў. У той жа час у рэдакцыю Motolko.help прыходзяць новыя і новыя паведамленні пра атручэнне дзяцей, у якіх у лякарнях выяўляюць ўскладненні на ныркі. Некаторыя выказваюць здагадку, што прычынай інфекцыі могуць з’яўляцца бананы.
«У Мінску каля 25 дзяцей атруціліся бананамі. Ляжаць на гемадыялізе»
«У дзіцячых садках у дзяцей акрамя моцнага кашлю распаўсюдзілася нейкая інфекцыя! У дзяцей ваніты і панос. Пасля адмаўляюць ныркі. У рэанімацыю паступаюць усё новыя выпадакі. Медыкі інфармацыю хаваюць!»
Акрамя таго, у распараджэнні рэдакцыі Motolko.help аказаўся дакумент, падпісаны галоўным урачом 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска Ларысай Сячко. У дакуменце гаворыцца, што па стане на 11 кастрычніка ў 2-й ГДКБ знаходзяцца 19 пацыентаў з гемалітыка-ўрэмічным сіндромам пры магутнасці аддзялення 12 ложкаў.
Інфармацыя пра падобныя выпадкі масавага атручвання, з-за якога дзеці трапляюць у лякарні з праблемамі ў нырках, распаўсюджваецца па бацькоўскіх чатах.
«Цяпер найбольш актыўна абмяркоўваецца версія, што бананы былі чымсьці апрацаваныя, можа для лепшай захаванасці, а можа інсектыцыды нейкія яшчэ на ферме, дзе іх вырошчвалі. Другая па папулярнасці версія – ускладненні пасля COVID-19».
«Яшчэ на мінулым тыдні гэтую інфу пра атручванні перадалі ў гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб яны падключыліся да высвятлення прычын».
Па інфармацыі «Белых халатаў», на мінулых выхадных у адной з дзіцячых бальніц Мінска ў аддзяленні рэанімацыі знаходзілася 16 дзяцей з ГУС. Тыдзень таму ляжала 22 дзіцяці з тым жа сіндромам, што амаль удвая перавышае ложкавую магутнасць аддзялення рэанімацыі. Дзеці ў асноўным паступаюць з Мінскай і Віцебскай абласцей. Пры гэтым варта ўлічваць, што ў сталіцу пераводзяць дзяцей у даволі цяжкім стане, якія патрабуюць нырачна-замяшчальнай тэрапіі, і невядома, колькі дзяцей з ГУС застаюцца ў раённых бальніцах.
«Белыя Халаты» паведамляюць, што санэпідэмстанцыя праводзіла расследаванне на гэты конт, аднак, высноў пакуль няма. Улічваючы некаторыя падобныя клінічныя прыкметы ўскладненняў каранавіруснай інфекцыі і ГУС, у дзяцей з гэтым сіндромам узялі аналіз на COVID, аднак сувязі пакуль не знайшлі.
Фактарам, якім запускаецца ГУС, часцей за ўсё з’яўляецца перанесеная кішачная інфекцыя, выкліканая патагенаў E. coli, які можа ўтрымлівацца ў сырых прадуктах або ў прадуктах з мяснога фаршу, якія не прайшлі дастатковую цеплавую апрацоўку, сырога малака і гародніны, забруджаных фекаліямі.
Пасля кантакту з E. coli прыкладна 10-15% інфікаваных захворваюць ГУС. Тыповы ўзрост для дадзенага паталагічнага стану – ад 1,5 да 6 гадоў.
Медыкі адзначаюць, што захворванне ГУС у Беларусі – адна з самых высокіх у Еўропе. Звычайна яе пік адзначаецца ў цёплы час года (май – жнівень).
Пасля інфікавання E. coli сіндром ГУС узнікае ў сярэднім праз трое сутак. Захворванне пачынаецца, як правіла, схваткападобнымі болямі ў жываце і некравяністай дыярэяй. На працягу 1-2 дзён у 45-60% выпадкаў стул становіцца крывяністым. У 30-60% выпадкаў ГУС суправаджаецца ванітамі, у 30% – ліхаманкай. Гэтыя сімптомы павышаюць рызыку развіцця ГУС нароўні з антыбіётыкамі, што кепска ўплывае на маторыку кішачніка.