На русском языке:
+146% за 20 дней. В Беларуси растет число тяжелых случаев COVID-19
За апошнія 3 тыдні колькасць пацыентаў з COVID-19 у бальніцах Беларусі вырасла амаль у 2,5 разы. І гэта толькі паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя.
Прааналізаваўшы дадзеныя з 15 верасня па 5 кастрычніка, мы высветлілі, што колькасць хворых у стацыянары вырасла з 7 495 да 18 470 чалавек (як насельніцтва Пружан). Рост складае 146.43%.
Пры гэтым колькасць новых выпадкаў COVID-19 у дзень стабільна складае прыблізна 1950/дзень. Тое ж тычыцца і колькасці ачунялых.
Гэтыя звесткі кажуць пра рост колькасці цяжкіх хворых і нагрузку на сістэму аховы здароўя. Трэба разумець, што гэта яшчэ не пік чарговай хвалі COVID-19. Нагадаем, у Міністэрстве аховы здароўя прагназавалі новую хвалю эпідэміі на кастрычнік, аднак рост захворвання пачаўся яшчэ з 1 жніўня. Нагадаем, у 2020 годзе, калі рост захворванняў пачаўся ў верасні, пік быў дасягнуты толькі 8 снежня, на адзнацы 21 852.
І, у адрозненне ад папярэдніх «хваляў», у гэтай не было дна, бо рост пачаўся пасля 1 жніўня, калі ў бальніцах знаходзілася не 100-200 чалавек, а 2 165.
Самую вялікую нагрузку сістэма аховы здароўя Беларусі адчувала падчас першай хвалі, 9 чэрвеня 2020 года колькасць хворых у стацыянары складала тады 25 477 чалавек.
Сёння тэлеканал «Гродна. Плюс» паведаміў, што апошнія два тыдні ў медыкаў інфекцыйнай бальніцы ў Гродне аўрал. Палова пацыентаў бальніцы знаходзяцца ў цяжкім стане.
«Наша Нiва» піша, што і ў Брэсце зафіксаваны значны рост захворванняў COVID-19. Па сітуацыі на 5 кастрычніка ў двух гарадскіх бальніцах шпіталізаваныя 1300 пацыентаў з пнеўманіямі, з якіх 49 чалавек знаходзяцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане.
У полацкай бальніцы №1 сістэма падачы кіслароду працуе з павышанай нагрузкай з-за мноства хворых у цяжкай форме. Паўсюдна адзначаецца імклівы рост колькасці інфіцыраваных каранавірусам, піша раённая газета «Полацкі веснік».
Такія навіны пачалі паступаць у рэдакцыю Motolko.help яшчэ ў пачатку верасня. Тады чытачы паведамлялі, што ў цэнтральных раённых бальніцах Глыбокага, Маладзечна, Оршы і Жлобіна вялікая колькасць цяжкіх хворых у кавідных аддзяленнях, а абласныя бальніцы ў Мінску і Брэсце перапрафілююць пад COVID-19.