In English:
Austria, with the participation of Tsikhanouskaya’s Office, is holding a conference on resolving the crisis in Belarus. Updated
На русском языке:
Австрия при участии Офиса Тихановской проводит конференцию по разрешению кризиса в Беларуси. Обновляется
Сёння ў Аўстрыі стартавала канферэнцыя высокага ўзроўню па вырашэнні крызісу ў Беларусі. Падчас канферэнцыі дэмакратычныя сілы Беларусі абмяркоўваюць з прадстаўнікамі ЕС і ЗША сумесную стратэгію далейшых дзеянняў для вырашэння палітычнага крызісу ў краіне. Галоўныя тэзісы канферэнцыі – у нашым аглядзе.
Канцлер Аўстрыі Александэр Шаленбег сказаў, што сітуацыя ў Беларусі непрымальная: і крызіс правоў чалавека, і штучна створаны мігранцкі крызіс.
Еўракамісар Олівер Варгелій заявіў, што будучыня Беларусі з’яўляецца прыярытэтам для Еўропы. Еўропа павінная аказваць падтрымку ахвярам рэпрэсій, медыя, а таксама даць вакцыны для беларусаў. Ён нагадаў, што Беларусь атрымае 3 мільярды еўра для стабілізацыі эканомікі пасля будучага транзіту ўлады. Макраэканамічная дапамога будзе прадастаўлена для будучых рэформ, прыватнага бізнэсу, вяртання законнасці, паведамляе тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.
Міністр замежных спраў Германіі Хайко Маас распавёў пра катаванні над палітвязнямі ў Беларусі, крытычна выказаўся пра заяўлены рэферэндум і падкрэсліў, што ЕС працягвае працаваць над санкцыямі ў дачыненні да рэжыму: на мінулым тыдні быў прыняты базіс пятага пакета, куды ўвайшлі суддзі, пракуроры, службы бяспекі, датычныя да рэпрэсій. Таксама Еўропа і Германія падтрымліваюць запуск спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі, каб спыніць беззаконне. У канцы Маас заявіў, што на Саміце Усходняга партнёрства мусіць прагучаць голас дэмакратычных сілаў Беларусі.
Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау сказаў, што беларусы заплацілі вялізную цану за сваю мару, загінулі людзі. На яго думку, у тым, што датычыцца пашырэння санкцыйнага спіса, Еўропа і ЗША павінны быць адзіныя, і еўрапейскія палітыкі не павінны дапусціць вяртання статусу-кво, які быў у Беларусі да выбараў 2020-га.
У сваім фінальным слове лідар дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская нагадала еўрапейскім палітыкам, што Еўропа не можа быць у бяспецы, пакуль Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.
«Ён не заслугоўвае даверу. Мы павінны заставацца адзінымі. Мы мусім быць паслядоўнымі. Мы павінны памятаць, што ёсць мільёны беларусаў, якія імкнуцца да свабоды і спадзяюцца на нас».