Гэта што, стабільнасць? Чаму не змяншаюцца золатавалютныя рэзервы краіны

.
3 хв.

На русском языке: ​​Это что, стабильность? Почему не тают золотовалютные резервы страны

Санкцыі ўводзяцца, прадпрыемствы бяднеюць, падаткаплацельшчыкі пакідаюць краіну, а золатавалютныя рэзервы чамусьці не змяншаюцца. Вераснёўскія дадзеныя па іх колькасці складана адрозніць ад тых, што былі ў жніўні. Змены вылічваюцца дзясятымі і сотымі адсотка. Значыць, у краіне наступіла стабільнасць? На самай справе, не. І адсутнасць зменаў красамоўна пра гэта сведчыць, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Гэта што, стабільнасць? Чаму не змяншаюцца золатавалютныя рэзервы краіны

Нагадаем, што ЗВР Беларусі цяпер можна падзяліць на тры асноўныя складнікі: першы – непасрэдна золата і іншыя каштоўныя металы, другі – замежная валюта і трэці – распухлая з нядаўняга часу «падушка бяспекі», атрыманая ў выглядзе грошай, якія вылучыў МВФ у якасці дапамогі для змякчэння наступстваў пандэміі – SDR.

Чаму не змяншаецца золата – зразумела: яго не прадавалі і не куплялі. Змены, якія можна назіраць, падобныя на ваганні сусветных коштаў на каштоўны метал.

Але за месяц мы паспелі забыцца пра мільярд SDR, што дастаўся ад МВФ. Ён нікуды не быў прададзены, даўгі ім не загасілі, зарплату ім не раздалі. Аказалася, што рэальна прыгожая лічба пакуль – проста лічба. Яна ляжыць на рахунку, але, здаецца, яе не спяшаюцца выкарыстоўваць.

SDR – гэта досыць «складаны падаруначак», на заводзе ў выглядзе SDR зарплату не выдасі, нават даўгі не заўсёды аддасі. Гэтыя грошы – канвертуемы актыў для краін, якія не жывуць пад санкцыямі і не з’яўляюцца на многіх рынках persona non grata.

А што па валюце? Яе засталося столькі ж. Не гледзячы на ​​тое, што ў верасні мы пакрылі пазыкі па знешніх і ўнутраных абавязацельствах на $240 млн. Значыць, былі і валютныя паступленні ў ЗВР. І паступілі гэтыя грошы, хутчэй за ўсё, у выглядзе валюты, якую здае насельніцтва. Атрымліваецца выйгрышная сітуацыя – курс даляра трымаецца стабільна нізкім, даходы падаюць, людзі вымушаныя несці ў абменнікі свае зберажэнні, гэтая валюта трапляе ў рэзервы дзяржавы і пасля ідзе на аплату даўгоў. Адначасова з гэтым такая сітуацыя дазваляе Нацбанку набываць валюту па нізкай цане. Элегантна, дуплетам, забілі адразу двух зайцоў.

Пацярпелых у гэтай сітуацыі можна лічыць толькі людзей, у якіх змяншаюцца зберажэнні.

Вось якім чынам Нацыянальны банк спраўляецца з бягучай няпростай сітуацыяй: скупляе танную валюту, не можа падабрацца да SDR і прытрымлівае золата. Адным словам – стаіўся і вельмі асцярожна чакае развіцця падзей.

Папярэдні матэрыял
У сферы адукацыі і аховы здароўя наймацнейшы адток кадраў
Наступны матэрыял
Атмасфера ў дзяржструктурах: апатыя, звальненні і адным словам – «ж*па»

Iншыя матэрыялы