«Па ягоным загадзе здзяйсняюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі»: Былы вязень шклоўскай калоніі распавёў, хто можа мець дачыненне да гібелі Вітольда Ашурка

Вітольд Ашурак
Эксклюзіў
20 хв.

На русском языке: «По его приказу осуществляются насильственные действия над осужденными»: Бывший узник шкловской колонии рассказал, кто может быть причастен к гибели Витольда Ашурка

Былы вязень шклоўскай калоніі №17 паспеў сабраць звесткі ад асуджаных, якія ведалі загінулага палітвязня Вітольда Ашурка. Выйшаўшы на волю, мужчына распавёў падрабязнасці пра дзень смерці Ашурка і пра ўмовы ў ШІЗА, дзе ўтрымліваюцца палітычныя зняволеныя, а таксама перадаў дадзеныя супрацоўнікаў калоніі, якія маглі катаваць Вітольда Ашурка.

Палітвязень-актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак памёр 21 траўня 2021 года ў Шклоўскай калоніі №17, дэталёвыя абставіны яго смерці невядомыя да гэтага часу. Па афіцыйнай версіі ён нібыта памёр ад спынення сэрца, але родныя палітвязня і расследавальнікі перакананыя ў гвалтоўным характары яго смерці.

«Па ягоным загадзе здзяйсняюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі»: Былы вязень шклоўскай калоніі распавёў, хто можа мець дачыненне да гібелі Вітольда Ашурка

Вітольд Ашурак / Фота: Facebook

Падчас гібелі Ашурка ў той жа калоніі па палітычнай справе сядзеў і Уладзімір [імя зменена], які да выхаду на волю пастараўся даведацца максімум інфармацыі пра тое, што адбылося, каб пасля гэта апублікаваць.

«Усё, што я буду расказваць, заснаванае на звестках ад іншых асуджаных, якія былі з ім знаёмыя», – тлумачыць мужчына.

Што ўвогуле вядома пра шклоўскую калонію?

Папраўчая калонія №17 прызначаная для людзей, якія ўпершыню адбываюць пакаранне. У свой час там адбывалі тэрмін такія палітвязні, як Зміцер Дашкевіч, Алег Гнедчык, Аляксандр Класкоўскі, Уладзімір Лобан, Зміцер Новік, Арцём Пракапенка, Мікалай Дзядок, Мікалай Статкевіч.

«Па ягоным загадзе здзяйсняюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі»: Былы вязень шклоўскай калоніі распавёў, хто можа мець дачыненне да гібелі Вітольда Ашурка

Тэрыторыя ПК №17 г. Шклоў / Google Earth

Калонія дзеліцца на жылую і прамысловую зоны. У вытворчай зоне – РУП «Семнаццаць» – функцыянуюць абутковая, швейная вытворчасць, дрэваапрацоўка. У жылой зоне знаходзяцца атрадныя памяшканні, сталовая, клуб, царква і спартыўнае мястэчка.

Былому кіраўніку шклоўскай ПК-17 палкоўніку Сяргею Ермаліцкаму ў кастрычніку 2011 года быў забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза за жорсткае абыходжанне са зняволенымі і пераслед Мікалая Статкевіча. Ермаліцкі працаваў на пасадзе начальніка шклоўскай калоніі 22 гады. У 2015-м яго павысілі да кіраўніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Гомельскай вобласці.

«Па ягоным загадзе здзяйсняюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі»: Былы вязень шклоўскай калоніі распавёў, хто можа мець дачыненне да гібелі Вітольда Ашурка

Сяргей Ермаліцкі, экс-кіраўнік ПК №17 / Маяк

Праваабарончы цэнтр «Вясна» пісаў, што шклоўскія старажылы памятаюць, як у свой час на камбінаце будаўнічых матэрыялаў і вырабаў пры калоніі, папярэдніку РУП «Сямнаццаць», працаваў Аляксандр Лукашэнка.

У 2017 годзе калонія некалькі разоў трапляла ў навіны:

  • 5 чэрвеня трое зняволеных, якія адбывалі тэрміны ў 14, 20 і 25 гадоў за згвалтаванні і забойствы, вырашыліся на першы за доўгі час уцёкі з папраўчай установы. На кожнага завялі крымінальную справу за спробу групавых уцёкаў.
  • У канцы чэрвеня 2017-га маці аднаго з асуджаных аб’явіла галадоўку пад сценамі калоніі. Ксеніі Кузняцовай не спадабалася, што яе сына без тлумачэння прычын накіравалі ў штрафны ізалятар «за парушэнне рэжыму». Толькі пасля гэтага адміністрацыя калоніі ўсё ж вырашыла пагаварыць з маці і расказала аб прычынах змяшчэння яе сына ў ШІЗА.
  • 2 кастрычніка Уладзіслаў Казакевіч, які за год да гэтага ўчыніў разню бензапілой у ГЦ «Еўропа» і атрымаў за гэта 15 гадоў зняволення, напаў з завострываннем на супрацоўніка калоніі № 17.

Менавіта ў ПК №17 палітычных зняволеных прымушалі насіць жоўтыя біркі, пра што ў лісце паведаміў загінулы Вітольд Ашурак.

«Палітычных тут хапае. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на вопратцы, і таму палітычных можна адрозніць здалёку», – пісаў ён.

«Па ягоным загадзе здзяйсняюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі»: Былы вязень шклоўскай калоніі распавёў, хто можа мець дачыненне да гібелі Вітольда Ашурка

Жоўтая бірка палітвязня Дзяніса Сасункевіча / ТРК «Брэст»

Акрамя таго, праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17 асуджаных, якія адказваюць на лісты ад чужых людзей, адпраўляюць у штрафны ізалятар (ШІЗА), а ўлетку 2022 года стала вядома, што палітвязня Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў шклоўскай калоніі, пазбавілі працяглага спаткання.

Што адбылося з Вітольдам Ашурком у траўні 2021 года і хто мог быць да гэтага датычны?

Уладзімір кажа, што ў момант, калі Вітольда Ашурка збівалі, адзін з атрадаў быў у камп’ютарным класе. Ён знаходзіцца на другім паверсе будынка штаба шклоўскай калоніі.

«У гэтым класе асуджаныя ладзяць відэазванкі. На гэтым жа паверсе – кабінеты адміністрацыі калоніі. Зняволеныя ў дзень забойства Вітольда заўважылі, што адміністрацыя і патрульныя афіцэры дзіўна паводзяць сябе. Афіцэры калоніі раптам збегліся ў будынак штаба. І атрад, які тэлефанаваў у гэты момант у кампʼютарным класе, быў выведзены, так і не патэлефанаваўшы».

У будынку штаба на другім паверсе ў пакоі надгляду, які знаходзіцца побач з кабінетам начальніка калоніі, няма камер. Як толькі першыя палітычныя сталі паступаць у калонію ў Шклове, да іх пачалі ужываць фізічны гвалт у сляпых зонах будынка штаба, кажа былы вязень калоніі.

У пакоі надгляду звычайна зняволенага распранаюць і аглядаюць перад тым, як паводзіць на пакаранне ў кабінет начальніка калоніі.

«Само пакаранне – гэта можа быць гутарка, вымова, пазбаўленне пасылкі, спатканні, пазачарговая ўборка тэрыторыі або ШІЗА», – распавядае Уладзімір.

Па словах былога зняволенага, фізічным гвалтам у шклоўскай калоніі звычайна займаўся аддзел рэжымна-аператыўнай працы разам з дзяжурнымі памагатымі начальніка калоніі. Мужчына называе супрацоўнікаў калоніі, якія мелі дачыненне да здзекаў з палітычных зняволеных.

«Гэта намеснік начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай працы Аляксей Маскалёў. Па яго загадзе здзяйсняюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі. У яго ёсць намеснік – старшы рэжымны аператыўны работнік Сяргей Карчэўскі. Ён сам займаецца збіццём і іншымі формамі гвалту», – кажа мужчына.

«Па ягоным загадзе здзяйсняюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі»: Былы вязень шклоўскай калоніі распавёў, хто можа мець дачыненне да гібелі Вітольда Ашурка

Сяргей Карчэўскі, начальнік рэжымнага аддзела ПК №17 / АРБ

«Таксама рэпрэсіямі зняволеных займаліся Іван Галанаў – інспектар-рэжымнік, ён любіць ставіць людзей на расцяжку, Віталь Краўчанка – старшы інспектар-рэжымнік, Павел Прохараў – дзяжурны памочнік начальніка калоніі і Дзмітрый Удодаў – дзяжурны памочнік, мае ваенную медыцынскую спецыяльнасць. Пасля смерці Вітольда яны перасталі настолькі жорстка ставіцца да зняволеных», – кажа мужчына.

Асобы названых ім супрацоўнікаў удалося праверыць – такія людзі сапраўды працуюць у шклоўскай калоніі.

Што адбываецца з людзьмі ў ШІЗА ПК №17?

Уладзімір таксама расказаў і аб умовах утрымання ў ШІЗА шклоўскай калоніі, дзе ён сам правёў шмат сутак.

«Ёсць адрамантаваныя ШІЗА, там на падлозе ляжыць плітка, і ёсць старая частка, дзе падлога драўляная. Там вельмі холадна незалежна ад пары года, чалавек знаходзіцца без спальнага камплекта», – кажа Уладзімір.

«Па ягоным загадзе здзяйсняюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі»: Былы вязень шклоўскай калоніі распавёў, хто можа мець дачыненне да гібелі Вітольда Ашурка

Вітольд Ашурак у ШІЗА ПК №17 / АРБ

«Раніцай і ўвечары трэба станавіцца перад дзвярыма і спяваць гімн. На дзвярах ёсць фармуляр тэксту. Выйсці з ШІЗА палітычным вельмі складана, там увесь час ладзяць правакацыі, якія выліваюцца ў парушэнні з боку асуджанага і служаць падставай для падаўжэння ўтрымання ў ШІЗА.

Напрыклад, трэба было кожны дзень там прыбірацца, але зразумець, у які час, было складана, бо няма гадзінніка. Супрацоўнік калоніі мог пастукаць і сказаць, што зараз час уборкі. Але маглі і не папярэджваць. Сам асуджаны пачынаў прыбірацца, але потым яму рабілі вымову за адмову ад уборкі, бо ён зрабіў яе не ў той час.

На правядзенне ўборкі ў камеры адводзіцца паўгадзіны (усяго іх дзве ў дзень, першая адразу ж пасля ранішняга выканання гімна, другая – у дзве гадзіны дня). Нават калі асуджаны прыбірае камеру за значна меншы час, яму ўсё роўна трэба працягваць імітаваць уборку на працягу паўгадзіны», – кажа Уладзімір.

У камеры, апроч холаду, у любую пару года абсалютна пуста і ціха. Батарэі ў ШІЗА ёсць, але яны ледзь цёплыя.

«З рэчаў дазваляюць мець толькі зубную шчотку з пастай, тонкія шкарпэткі, нацельную майку, трусы. Ніякай тэрмабялізны нельга мець. Выдаюць там шізашную робу, адзін маленькі ручнік. Абмотвацца ім для сагравання шыі ці іншых частак цела нельга – «парушэнне формы адзення».

Таксама выдаюць адну анучу для ўборкі (і падлогі, і паверхняў, і рукамыйніка, і туалета) і чвэрць рулона туалетнай паперы разам з маленькім кавалачкам мыла на тыдзень. Кнігі праносіць нельга, карэспандэнцыя таксама забаронена», – успамінае ён.

«Па ягоным загадзе здзяйсняюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі»: Былы вязень шклоўскай калоніі распавёў, хто можа мець дачыненне да гібелі Вітольда Ашурка

ПК №17 г. Шклоў / Вясна

З ШІЗА зняволенага практычна нікуды не выводзяць – раз у тыдзень у душ або на пакаранне (яго там называюць «хрэсьбіны»).

Душ у шклоўскай калоніі знаходзіцца ў калідоры таго ж крыла будынка з камерамі. На яго даюць 10 хвілін, у якія ўключаны працэс галення і стрыжкі пад 1.

«Вязняў ШІЗА стрыжэ адзін з асуджаных, які абслугоўвае будынак», – кажа мужчына.

Над тымі зняволенымі, хто «правінаваціўся», звычайна раз у тыдзень праводзіцца імітацыя паказальнага суда. Гэта праходзіць у кабінеце кіраўніка калоніі пры ўдзеле ўсіх ці амаль усіх чальцоў адміністрацыі ПК.

«Нават просяць альбо начальнікаў атрадаў, альбо пэўных сябраў адміністрацыі прагаласаваць ці хадайнічаць за пэўны від пакарання. Пры гэтым рашэнне аб тым, якое яно будзе, загадзя прынятае начальнікам калоніі. Мабыць, супрацоўнікі ПК любяць такі афіцыёз і фармальнасці », – лічыць Уладзімір.

У самой камеры нельга ляжаць, нары (яны шчыльныя, без прарэзаў, жалезна-драўляныя пліты) на ўвесь дзень прымацоўваюцца ланцугамі да сцяны.

«Па ягоным загадзе здзяйсняюцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі»: Былы вязень шклоўскай калоніі распавёў, хто можа мець дачыненне да гібелі Вітольда Ашурка

Нары ў ШІЗА ПК №17

«У прычэпленым стане на гэтых плітах бачныя гарызантальныя чырвоныя лініі крыху ніжэй за ўзровень галавы.

Пры ранішняй і вячэрняй праверках, пры разносе ў камеру сняданку, абеду, вячэры, перад мыццём у душы, абсалютна ў любы момант хоць якога-небудзь узаемадзеяння супрацоўнікаў калоніі з камерай ШІЗА палітычным і звычайным асуджаным трэба станавіцца на расцяжку ў адной з прышпіленых пліт, разводзіць у бакі рукі і класці іх на розныя канцы чырвонай лініі, выкручваючы рукі навыварат, класці на лінію галаву, гледзячы пры гэтым строга ўніз.

Потым чакаць каманды павярнуцца і выканаць дзеянне, якое загадвае супрацоўнік. Так можна прастаяць ад некалькіх хвілін да некалькіх дзясяткаў хвілін і нават больш», – дзеліцца мужчына.

Таксама ў камерах ШІЗА над дзвярыма ёсць радыёкропкі, якія звычайна ўключаюць раніцай для правядзення зарадкі.

«Ёсць патрабаванне акрамя гімна, і не толькі ў ШІЗА, выконваць ранішнюю зарадку пад каманды аўдыёзапісу з радыёкропак або гучнагаварыцеляў у жылой зоне калоніі», – распавядае ён.

Неабходна таксама станавіцца перад дзвярыма і выконваць каманды. Таксама з радыёкропкі некалькі разоў на тыдзень па раніцах аб’яўляюць і паўтараюць правілы ўнутранага распарадку для вязняў ШІЗА. На гэтым запісы гаворыцца аб наступствах знаходжання ў СІЗА (напрыклад, што гэта можа прывесці да артыкула 411 КК), а таксама гучаць прыблізна такія словы:

«Знаходжанне ў СІЗА павінна прынесці асуджанаму пэўны ўзровень і комплекс псіхалагічна-маральных пакут для змены яго паводзін у бок законапаслухмянасці».

За час знаходжання ў шклоўскай калоніі Уладзімір зрабіў выснову, што адміністрацыя калоніі імкнецца зацягнуць палітвязняў у ШІЗА з дзвюма мэтамі:

Па-першае, даць статус «злосніка» (асоба, якая злосна парушае рэжым адбывання пакарання). Гэта трэба, каб выканаць разнарадку па стварэнні афіцыйнай, юрыдычна замацаванай негатыўнай выявы палітычных.
Па-другое, стварыць падставу для адпраўкі палітвязняў на турэмны рэжым і ўстановы артыкула 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») для падаўжэння тэрміна пазбаўлення волі.

«Гэта дазваляе рэжыму Лукашэнкі трымаць палітвязняў у закладніках колькі хочаце», – лічыць Уладзімір.

Папярэдні матэрыял
«Мільярды на растваральніках». Як Юрый Чыж з літоўскім партнёрам зрабілі вялікія грошы на перапродажы расейскіх нафтапрадуктаў у пачатку 10-х і куды пайшлі гэтыя грошы?
Наступны матэрыял
Праводзяць «Несмяротны полк» і дапамагаюць УС РФ: 5 фактаў пра Свята-Елісавецінскі манастыр, куды Лукашэнка паедзе на Каляды

Iншыя матэрыялы