Перастрэлка на Якубоўскага: забіты супрацоўнік КДБ і жыхар дома

6 хв.

28 верасня ў адну з кватэр на Якубоўскага, 29 уварваліся сілавікі. Яе жыхар Андрэй Зэльцэр, 32-гадовы супрацоўнік EPAM Systems сустрэў іх стрэлам з паляўнічай стрэльбы і быў смяротна паранены ў адказ. Супрацоўнік КДБ таксама загінуў ад атрыманага ранення.

Першая публікацыя пра гэта з’явілася ў тэлеграм-канале Nexta ў 19:37.

Па стане на 16.10 каля 3-га пад’езда дома на Якубоўскага, 29 цэлы дзень знаходзіліся сілавікі, паведаміў тэлеграм-канал «Вочы-Захад». Былі заўважаныя 2 машыны СК: бус, легкавая і мінімум дзве міліцэйскія. Асабісты склад быў у бахілах і пальчатках, шмат людзей у цывільным.

Па нашай інфармацыі, сёння на нумар 102 паступіла паведамленне, што па адрасе вул. Якубоўскага, 29 невядомыя выломліваюць дзверы ў кватэру 78. У 13:34 па паказаным адрасе выехаў Дэпартамент аховы. А 13:40 паступіла паведамленне, што паранены супрацоўнік органаў.

Журналісты выявілі сапраўдны акаўнт Андрэя Зэльцэра ў Instagram, дзе апошняя публікацыя была зробленая 4 дні таму. Цікава, што апошні акаўнт, на які падпісаліся з гэтага профілю, — «Белдзяржпаляванне».

Таксама быў знойдзены і іншы акаўнт у Instagram, які падпісаны толькі на нейкіх фатографаў. У ім ёсць фота стрэльбы. Амаль усе фатаграфіі ў гэтым акаўнце былі апублікаваныя ў жніўні. Ёсць і фота, дзе паказана гладкаствольная стрэльба. Гук стрэлу з яе павінен быў чуць увесь дом, але пакуль ні адзін з жыхароў дома на Якубоўскага, які з намі звязваўся, яго не чуў.

Пазней было апублікавана відэа, аднак да яго сапраўднасці адразу паўсталі пытанні. У прыватнасці, паранены чалавек, якога называюць супрацоўнікам КДБ, спачатку адыходзіць назад і толькі пасля гэтага кладзецца на падлогу.

Акрамя таго, агонь адкрывае чалавек у чорнай шапцы ў момант, калі на лініі агню стаіць супрацоўнік у чорным, пасля гэтага другі адыходзіць назад і кладзецца на падлогу.

Тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» звярнуў увагу на пісталеты, якія былі ў тых, хто нападаў: Glock 3-га ці 4-га пакалення, а таксама SigSauer P226. Вядома, што дадзеныя пісталеты выдаюць супрацоўнікам спецпадраздзяленняў Альфа (КДБ) і Алмаза (МУС).

Таксама варта звярнуць увагу: калі збіраюцца затрымліваць узброенага чалавека, то робіць гэта спецыяльны атрад АМАПу ў поўнай экіпіроўцы і са шчытамі. У дадзеным выпадку, як відаць на відэа, у супрацоўнікаў няма нават бронекамізэлек.

«Наша Нiва» піша, што мама Андрэя працуе выхавацелькай дзіцячага сада, бацька — інвалід. Працаваў юрыстам у грамадстве інвалідаў БелТА. Выданне звязалася з маці жонкі Андрэя Зэльцэра, вось, што яна сказала:

«Я нічога не ведаю. Мы даведаліся, што нешта здарылася, калі нам патэлефанавалі з гімназіі, дзе вучыўся мой унук. Нам патэлефанаваў дырэктар гімназіі і сказаў, што нам трэба забраць унука. У сілавых структурах нам паведамілі, што дачка знаходзіцца на вуліцы Акрэсціна. Вось і ўсё. Яны сказалі, што не могуць даць больш інфармацыі», — кажа жанчына.

«Я нічога не магу сказаць ці падумаць. Я ў шоку, я не разумею, што адбываецца. Дачка — звычайны прадавец. Андрэй вельмі добры чалавек, выдатны зяць. Самы любімы чалавек. Спакойны, уважлівы, разважлівы, добры. Заўсёды дапамагае. Пра такога зяця марыла б любая цешча.

Не ведаю, адкуль у Андрэя зброя. Пакуль мы з яго бацькамі размаўлялі толькі на тэму ўнука. Мы да гэтага часу ў шоку, не ведаем, як казаць з імі пра ўсё гэта.

Ці лічу я Андрэя тэрарыстам? Канешне не».

Папярэдні матэрыял
Тэрмабялізна, кусачкі і паўэрбанкі. Што купляюць мігранты ў мінскіх гандлёвых цэнтрах
Наступны матэрыял
«Турысты з Ірака а 2 гадзіне ночы грукаліся ў дзверы». Замежнікі пра «гасцей» мінскіх гатэляў

Iншыя матэрыялы