На русском языке:
Проводят «Бессмертный полк» и помогают ВС РФ: 5 фактов о Свято-Елисаветинском монастыре, куда Лукашенко поедет на Рождество
Паводле інфармацыі motolko.help, на Каляды, 7 студзеня, Лукашэнка збіраецца наведаць мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр, які за апошнія два гады «праславіўся» не толькі актыўнай падтрымкай ідэалогіі «рускага свету», палітычна матываванымі звальненнямі, але і дапамогай вайсковым фармаванням акупацыйных войскаў Расійскай Федэрацыі. Напярэдадні візіту мы вырашылі сабраць для вас шэраг фактаў, што насамрэч уяўляе сабой жаночы праваслаўны Свята-Елісавецінскі манастыр у г. Мінску.
Выгналі Маляваныча і іншых супрацоўнікаў
У лістападзе 2020 года Свята-Елісавецінскі манастыр выгнаў акцёра Аляксандра Ждановіча, больш вядомага як Маляваныч. Гэта адбылося пасля таго, як 8 лістапада Аляксандра затрымалі ў Менску на праспекце Пераможцаў, калі там праходзіў пратэстны марш. Акцёр заступіўся за жанчыну, на якую гучна крычаў баец АМАПа, і апынуўся ў аўтазаку, а ўжо на судзе атрымаў дзевяць сутак адміністратыўнага арышту.
Ждановіч называў манастыр сваім другім домам і быў там мастацкім кіраўніком дзіцячага інклюзіўнага тэатра «Радасць». У манастыры пацвердзілі, што больш супрацоўнічаць з Маляванычам не будуць, але абверглі меркаванні, што супрацоўніцтва спынена з-за палітыкі.
Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) у цэнтры / euroradio.fm
Акрамя гэтага, вядома і пра звальненне Віталя Леановіча, які быў спецыялістам па забеспячэнні Свята-Елізавецінскага манастыра і прапрацаваў там каля года.
Пасля выбараў 2020 года ў манастыры адбыўся сход прысвечаны абмеркаванню вынікаў выбараў, пры гэтым акцэнт сходу быў такі: «хто не падтрымлівае дзейную ўладу, той не з намі». На тым сходзе духоўнік кляштара Андрэй Лемяшонак задаў пытанне: «А дзе вы бачылі сумленныя выбары?», на што Віталь выказаўся пра Лукашэнку і рэжым у Беларусі. На наступны дзень працу Віталя пачалі дыскрэдытаваць, пасля адправілі ў адпачынак да канца дамовы, а пазней звольнілі.
Спрабавалі ўтаіць масавае захворванне COVID-19
У красавіку 2020 года ў манастыры падчас службы на Вялікдзень з адной лыжачкі прычасціліся 970 чалавек. Пасля гэтага каранавірус пачалі падазраваць у 100 з 130 манашак манастыра. Кіраўніцтва спрабавала гэта схаваць і прасіла манашак казаць, што яны адчулі недамаганне ўжо пасля свята.
Велікоднае богаслужэнне ў Свята-Елісавецінскім манастыры 19 красавіка 2020 года / Хрысціянская візія
Калі ж пра ўспышку COVID-19 пачалі пісаць СМІ, то на сайце Свята-Елісавецінскага манастыра зʼявіўся запіс «Не верце фейкам пра масавае заражэнне каранавірусам у нашым манастыры!». Дайшло ўсё да таго, што ў пачатку траўня зʼявілася паведамленне аб смерці адной з манашак, у якой быў станоўчы тэст на COVID-19.
Правялі аналаг «Несмяротнага палка»
У маі 2021 года манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра вырашылі арыгінальна адсвяткаваць Дзень Перамогі, прама паверх манаскіх адзенняў яны надзелі пілоткі з зорачкамі і георгіеўскія стужачкі.
Адна з манашак манастыра на 9 мая 2021 года.
Тады ж яны правялі аналагічны тым, што праходзяць у Расіі, «Несмяротны полк». Дарэчы, у наступным, 2022 годзе яны зноў прайшліся з іконамі, фатаграфіямі ветэранаў, савецкімі сцягамі і партрэтам Іосіфа Сталіна, толькі ўжо па пр. Незалежнасці, прыняўшы ўдзел у акцыі «Несмяротны полк» у Мінску. Акрамя манашак там жа быў заўважаны і протаіерэй манастыра Андрэй Лемяшонак.
Скрыншот з трансляцыі Несмяротнага палка ў Мінску, 9 траўня 2022 года
Навучалі падлеткаў збіраць аўтамат
У верасні 2022 года на базе Свята-Елісавецінскага манастыра прайшоў I маладзёжны спартыўны фестываль «Арляты вучацца лётаць», на якім падлеткаў навучалі збіраць і разбіраць аўтаматы. І гэта пры тым, што на сайце манастыра нічога пра навучанне дзяцей зборцы/разборцы зброі не гаварылася.
Падлеткі збіраюць аўтаматы ў двары манастыра.
Збіраюць дапамогу для расійскіх акупантаў
У жніўні 22-га года ў манастыры была створаная валанцёрская група «Дапамога братам» пад кіраўніцтвам манашкі Аляксандры, якая займаецца зборам сродкаў для патрэб расейскіх вайскоўцаў, якія вядуць захопніцкую вайну ва Украіне. Напрыклад, у канцы года яны перадалі салдатам УС РФ дрон.
Займаецца гэтая група не толькі зборам дапамогі, але і продажам паштовак з акупацыйнай сімволікай, напісаннем лістоў салдатам УС РФ. На канвертах, дарэчы, яны пішуць – «дорогому солдату из Белой Руси / Белоруссии».
Паштоўкі і лісты для салдат УС РФ ад манастыра / Хрысціянская візія
Характэрна, што і раней Свята-Елісавецінскі манастыр на працягу многіх гадоў займаўся аказаннем гуманітарнай дапамогі так званым «ДНР» і «ЛНР».
Разам візіт Лукашэнкі ў гэты манастыр нельга будзе назваць выпадковым. Наадварот, ён будзе зʼяўляцца вельмі паказальным, улічваючы імідж манастыра, набыты за апошнія гады.
А яшчэ манашкі зарабляюць на кірмашах у Еўропе. Беларуская дыяспара гэтаму перашкаджае
У снежні Народныя пасольствы Беларусі рабілі агляд іх дзейнасці і закранулі яшчэ адзін аспект, які нельга абысці бокам – як манашкі манастыра ездзяць на заробкі ў ЕС. І не, гэта не жарт. Адзін з галоўных артыкулаў даходаў Свята-Елісавецінскага манастыра – гэта продаж сваіх вырабаў і перапродаж кітайскага шырспажыву пад выглядам хэнд-мэйду замежжам.
«Ужо не адно дзесяцігоддзе супрацоўніцы міжнароднага аддзела з веданнем замежнай мовы ў форме сясцёр міласэрнасці разʼязджаюць на грузавіках па ўсёй Еўропе, прадаючы розныя сувеніры, кнігі, царкоўныя прыналежнасці за валюту. Продажы суправаджаюцца сцвярджэннямі, нібыта сродкі, атрыманыя ад такіх продажаў, ідуць на сацыяльную дзейнасць і праекты кляштара – дапамога бяздольным і тым, хто мае патрэбу ў Беларусі», – пісала «Хрысціянская візія».
Прадаюць яны гэта на калядных кірмашах у Еўропе: у Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Італіі, Бельгіі, Польшчы і інш.
І тут варта адзначыць працу беларускіх дыяспар, якія рознымі метадамі спрабуюць інфармаваць мясцовую грамадскасць аб тым, што гэта за манастыр і чаму варта ўстрымацца ад прыёму іх сясцёр.
Так, напрыклад, беларусам удалося адмяніць удзел манастыра ў Уінчэстэрскім калядным кірмашы ў Вялікабрытаніі і ў калядным кірмашы ў Швецыі. У Польшчы беларускія актывісты расказвалі пакупнікам, што іх грошы могуць пайсці на падтрымку ВС РФ. Пазней яны запусцілі петыцыю з патрабаваннем да Польскай праваслаўнай царквы і Каталіцкай царквы Польшчы, каб манастыру забаранілі весці гандлёвую дзейнасць на тэрыторыі краіны падчас калядных мерапрыемстваў.
Аднак спыніць камерцыйную дзейнасць кляштара, які падтрымлівае ідэалогію «рускага свету», пакуль атрымліваецца не ўсюды. У снежні яны зноў былі ў Нарвегіі, таксама прадавалі свае тавары ў Фларэнцыі і Бельгіі.