Сёння, 24 траўня 2021 года, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў ураду падрыхтаваць рашэнне аб спыненні авіязносін паміж Украінай і Беларуссю.
Пасля падпісання дакумента з Украіны ў Беларусь перастануць лётаць не толькі пасажырскія самалёты, але і грузавыя. Такое рашэнне адаб’ецца на бізнэсе ўкраінскай авіякампаніі «Антонаў», якая апошнім часам актыўна дапамагала Аляксандру Лукашэнку «дарыць» знішчальнікі сербам і перавозіць вайсковыя грузы з Беларусі ў іншыя краіны.
Як авіякампанія «Антонаў» перавозіла ваенныя «падарункі» з Беларусі?
У чацвер, 20 мая 2021 года, украінская авіякампанія «Антонаў» адрэагавала на артыкул cербскіх медыя аб факце перавозкі з Беларусі (вайсковага аэрадрома Баранавічы) у Сербію партыі спісаных МіГ-29. Яны прайшлі капітальны рамонт і былі «падораныя» беларускімі вайскоўцамі брацкім вайскова-паветраным сілам Сербіі.
У артыкуле гаворка ідзе аб перавозцы 15-16 мая 2021 года двух «мігаў», што і пацвердзіла кампанія «Антонаў».
Борт UR-82009 прыляцеў у Баранавічы з Лейпцыга 15 мая ў 17:06 па мінскім часе.
Паляцеў ён з грузам 16 мая 2021 года ў 09:20 у напрамку вайсковага аэрадрома Батайніца ў прыгарадзе Белграда. Але не змог там здзейсніць пасадку і на адзін дзень затрымаўся ў Будапешце. 17 мая борт паспяхова дасягнуў пункта прызначэння.
Першую партыю, таксама два МіГ-29, гэты ж борт перавёз у Батайніцу яшчэ 17 красавіка 2021 года, прыляцеўшы ў Баранавічы з Гастомеля (база «Антонаў» пад Кіевам).
Пасля Ан-124 зноў вярнуўся ў Баранавічы і 20 красавіка 2021 года павёз партыю такіх жа МіГ-29 у Бангладэш (горад Дакка) з прамежкавай пасадкай у Кувейце.
Кампанія «Антонаў» не ўпершыню заўважаная ў перавозцы ваенных грузаў з Беларусі. Іншы борт з нумарам UR-82029 курсіраваў 10-11 лістапада 2020 года паміж Мінскам і базай ВПС Турцыі ў горадзе Конье:
Борт UR-82009 у канцы кастрычніка – пачатку лістапада 2020 года зрабіў два рэйсы ў Мінск па ракеты для комплексу С-125, даставіўшы іх на вайсковую базу Sweihan (прыгарад Абу-Дабі) у ААЭ, паспеўшы пры гэтым перамясціцца паміж базай і міжнародным аэрапортам Дубай.