Колькі каштуюць падораныя Лукашэнку аўтамабілі? Расследаванне BYPOL

Ілюстрацыя: BYPOL
6 хв.

In English: How much do the cars gifted to Lukashenka cost? BYPOL Investigation
На русском языке: Сколько стоят подаренные Лукашенко автомобили? Расследование BYPOL

Ініцыятыва BYPOL апублікавала расследаванне, у якім гаворыцца пра падарункі Аляксандру Лукашэнку. Расследаванне стала магчымым дзякуючы ўзламаным Кібер-Партызанамі базам МУС. За апошнія 5 гадоў розныя фізічныя і юрыдычныя асобы бязвыплатна і бескарысліва падарылі Лукашэнку 31 транспартны сродак. Паводле ацэнак BYPOL, кошт калекцыі на кастрычнік 2021 года складае 6 181 000 даляраў ЗША. Гэтыя лічбы не канчатковыя і могуць адрознівацца ад рэальных коштаў на момант іх набыцця ў большы бок.

Рэдакцыя motolko.help выбрала 10 самых дарагіх падарункаў.

1 583 000 даляраў ЗША

Мэрсэдэс-Майбах С600 Пулман Гард, дзярж. нумар 3901 ОН-7 ацэньваюць у 1 400 000 еўра (або 1 583 000 даляраў ЗША). Такі падарунак Лукашэнка атрымаў ад Айжан Каненбаевай — жонкі Максіма Бакіева — старэйшага сына экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Аўтары расследавання адзначаюць, што такога абароненага аўтамабіля няма нават ва Уладзіміра Пуціна.

810 000 даляраў ЗША

Майбах 62S 2011 і 2012 года выпуску, дзярж. нумары: 8441 OI-7, 2398 MX-7. Кожны такі аўтамабіль ацэньваюць у 810 000 даляраў ЗША. Гэта падарункі ад бізнэсмэна і былога чыноўніка Аляксея Алексіна.

500 000 даляраў ЗША

Ролс-ройс у кузаве купэ 2008 года выпуску і дзярж. нумарам 8029 IP-7 каштуе каля 500 000 даляраў ЗША. У калекцыі Лукашэнкі гэты аўтамабіль з’явіўся дзякуючы былому кіраўніку кампаніі «Трайпл» Юрыю Чыжу.

460 000 даляраў ЗША

Аўтамабіль ЗІС-110 1947 года выпуску. Яго дзярж. нумар 0413 СА-7. Такое аўто каштуе не менш за 460 000 даляраў ЗША. Гэта яшчэ адзін падарунак ад Айжан Каненбаевай, нявесткі збеглага прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева.

340 000 даляраў ЗША

Рэтра-аўтамабіль BCC Vintage 2018 года выпуску з дзярж. нумарам 9862 СЕ-7 — яшчэ адзін падарунак ад бізнэсмэна Аляксея Алексіна. У аздабленні аўтамабіля ўстаўкі са скуры, дрэва, дыяменты і золата. Яго кошт — 340 000 даляраў ЗША.

225 000 даляраў ЗША

Ролс Ройс сільвер 1954 года выпуску, дзярж. нумар 1000 РВ-7. Такое аўто каштуе не менш за 225 000 даляраў ЗША. Гэта падарунак ад кампаніі «Белглабалстар», якая звязана з Сяргеем Цяцерыным. Да 3 жніўня 2021 года ён быў старшынёй Беларускай федэрацыі тэніса.

205 000 даляраў ЗША

Ролс Ройс Гоуст 2014 года выпуску, дзярж. нумар 5822 CI-7. Яшчэ адзін Ролс Ройс у калекцыі, кошт якога 205 000 даляраў ЗША. Такі падарунак быў атрыманы ад гендырэктара ТАА «ГД Белтэхніка» Аляксандра Круглені.

190 000 даляраў ЗША

Бэнтлі Кантыненталь 2010 года выпуску, дзярж. нумар 9957 МЕ-7. Аўтамабіль ацэньваюць у 190 000 даляраў ЗША. Гэта падарунак ад асабістага лекара Лукашэнкі — Святланы Канашэнка. Цікава, што яна атрымала гэтае аўто ў падарунак ад расійскага бізнэсмэна Аляксандра Трапачкіна.

175 000 даляраў ЗША

Шэўрале Імпала 1958 год выпуску і дзярж.нумарам 4866 НА-7 – чарговы падарунак ад бізнэсмэна Аляксея Алексіна. Кошт аўто — 175 000 даляраў.

140 000 даляраў ЗША

Рэнж-ровер 2019 года выпуску, дзярж. нумар 9373 СР-7. Кошт такога аўто — 140 000 даляраў ЗША. Гэта падарунак ад Аляксея Алексіна.

Па дадзеных BYPOL, за апошнія 5 гадоў Аляксей Алексін падарыў Аляксандру Лукашэнку дзевяць транспартных сродкаў агульным коштам каля 2 584 000 даляраў ЗША. Сярод іх таксама ГАЗ-69 1967 года выпуску, матацыкл Харлей Дэвідсан 2017 года і Ява-350 1969 года выпуску, трыцыкл Спайдэр F3SM6 2015 года і іншыя.

Знакамітая Тэсла, якую, нібыта, падарыў сам Ілан Маск аказалася падарункам бізнэсмэна Мікалая Вераб’я на суму каля 110 тысяч даляраў ЗША. Верабей — уладальнік кампаній «Інтэрсэрвіс», «Нафтабітумны завод», «Абсалютбанк» і іншых.

Сярод дарыльнікаў ёсць і Дзмітрый Баскаў. На памяць ад экс-трэнера па хакеі Мікалая Лукашэнкі ў калекцыі Аляксандра Лукашэнкі застанецца ГАЗ-20 1949 года выпуску, коштам не менш за 52 000 даляраў ЗША з дзярж. нумарам 0064 СА-7. А ад дырэктара ГД БАТЭ Васіля Савіна — Багі Бамбардзір 2013 года выпуску, коштам 20 000 даляраў ЗША з дзярж. нумар 9998 АВ-7. А вось ад нейкага Анатоля Бялова — чарговы Ролс Ройс. На гэты раз аўтамабіль 1954 года выпуску, коштам не менш за 100 000 даляраў ЗША, з дзярж. нумарам 0153 ЕА-7.

Большасць аўто, паводле расследавання, былі аформленыя праз дамову дарэння або перааформленыя ў выглядзе дамовы аб бязвыплатнай спонсарскай дапамозе ў вайсковую часць 01549, а менавіта – Службу бяспекі прэзідэнта.

Нагадаем, артыкул 17 Закона «Аб барацьбе з карупцыяй» абвяшчае, што «дзяржаўная службовая асоба не мае права прымаць падарункі, за выключэннем сувеніраў, якія ўручаюцца пры правядзенні пратакольных ці іншых афіцыйных мерапрыемстваў». Гэта датычыцца мужа і жонкі службовых асоб і іх блізкіх.

Артыкул 22 Закона «Аб дзяржаўнай службе» абвяшчае, што «атрыманыя дзяржаўнымі службоўцамі пры правядзенні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў сувеніры, кошт якіх перавышае пяць базавых велічынь (145 бел.руб. або 57 даляраў ЗША) перадаюцца ў даход дзяржавы па рашэнні камісіі, створанай кіраўніком дзяржаўнага органа, у якім дзяржаўны служачы займае пасаду».

Папярэдні матэрыял
«Адкат на колах»: Алексін падарыў Лукашэнку 9 аўтамабіляў і матацыклаў коштам €1,5 млн
Наступны матэрыял
«Падманваў інвалідаў і фатаграфаваўся з Гайдукевічам» Хто такі Віталій Панцялейка?

Iншыя матэрыялы