Амерыканская кампанія Motorola Solutions не спыніла супрацоўніцтва з беларускімі сілавікамі пасля жніўня 2020 года, а нават, падобна, павялічыла. Гэта відаць па вялікай колькасці тэндараў на сайце дзяржзакупак, заказчыкам якіх выступае Дэпартамент фінансаў і тылу МУС Рэспублікі Беларусь.
Непасрэдна кампанія Motorola Solutions у таргах не фігуруе, усё адбываецца праз афіцыйных дыстрыб’ютараў кампаніі, адзін з іх — ТАА «Фрэндлі», які напісаў на сваім сайце: «У нас можна купіць рацыю ад амерыканскага вытворцы Motorola Solutions, афіцыйным прадстаўніком якога мы з’яўляемся».
Атрымліваецца, кампанія Motorola Solutions у курсе, каму і куды пастаўляе абсталяванне.
Акрамя ТАА «Фрэндлі» ў тэндарах на закупку абсталявання для Дэпартамента фінансаў і тылу МУС РБ фігуруюць кампаніі ТДА «Акміт» і ANICO Communication Trading and Servicing Ltd, што зарэгістраваная ў Венгрыі.
Рэдакцыя motolko.hepl мае інфармацыю як мінімум пра чатыры закупкі са жніўня 2020 года для патрэб МУС:
- 26.10.2020 — закупка лічбавых радыёстанцый на суму 71 000 рублёў;
- 13.11.2020 — закупка радыёстанцый на суму 220 400 рублёў;
- 12.12.2020 — закупка бяздротавых гарнітур на суму 325 000 рублёў;
- 24.02.2021 — закупка радыёстанцый на суму 3 872 065 рублёў.
У большасці выпадкаў гэта імкнуцца старанна схаваць. Зразумець, што гаворка ідзе менавіта пра Motorola Solutions можна, у тым ліку, па ўнутраных дакументах таргоў, дзе адной з умоў пастаўкі з’яўляецца сумяшчальнасць «новых» радыёстанцый з радыёстанцыямі Motorola.
Таксама кампанія забяспечвае беларускіх сілавікоў абсталяваннем для сачэння за радыёсігналамі ў шырокім дыяпазоне, антэнамі схаванага нашэння, батарэямі да іх і г.д.
Да прыкладу, у сакавіку 2020 года МУС закупляла:
- арыгінальныя шырокапалосныя антэны з магчымасцю прыёму навігацыйных сігналаў PMAD4147A Motorola;
- арыгінальныя ¼-хвалёвыя шырокапалосныя антэны на магнітнай аснове HAD8437A Motorola;
- арыгінальныя антэны на магнітнай аснове PMAN4010A Motorola;
- арыгінальныя мікрафоны-маніпулятары RMN5052A Motorola;
- арыгінальныя мікрафоны RMN5054B;
- трохдротавыя аўдыягарнітуры чорнага колеру з акустычнымі трубкамі PTE-885 М09.
І гэта не поўны спіс толькі адной закупкі.
Тое што кампанія ведае, куды пастаўляе сваю прадукцыю, пацвярджаецца і тым, што яны не ідуць ні на які кантакт з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.