Лукашэнка хацеў купіць верталёт за $17 мільёнаў, але вытворца адмовіўся

Icare spotter
Эксклюзіў
5 хв.

In English: Lukashenka wanted to buy a helicopter for $17 million, but the manufacturer refused
На русском языке: Лукашенко хотел купить вертолёт за $17 миллионов, но производитель отказался

Выданне motolko.help высветліла, што ў жніўні 2020 года Лукашэнка хацеў набыць верталёт коштам $17 млн. Яго зрабіла для Мінска французская кампанія Airbus, а сёння Лукашэнка збіраўся ў Дубай, верагодна, каб паглядзець на сваю новую «цацку», але паездка адмянілася, як, мяркуючы па ўсім, «адмяніўся» і верталёт.

З 14 па 18 лістапада ў ААЭ праходзіць авіясалон Dubai Airshow 2021. Удзельнікам мерапрыемства традыцыйна з’яўляецца авіябудаўнічая кампанія Airbus, якая вядома не толькі шырокім мадэльным шэрагам самалётаў, але таксама і як вытворца верталётаў розных класаў.

У гэтым годзе кампанія паказала на выставе верталёт Airbus Helicopters H175. Вытворца прапануе некалькі опцый аздаблення VIP-салона на шэсць-восем пасажыраў: першы натхнёны сучаснымі спорт карамі, другі ўвасабляе ў сабе французскі шык, а трэці – класічны дызайн еўрапейскіх віл. Кадры з гэтым верталётам апублікаваныя на афіцыйным сайце авіявытворцы. Арыентыровачны кошт новага H175 складае каля $17 млн.

Лукашэнка хацеў купіць верталёт за $17 мільёнаў, але вытворца адмовіўся

Экспазіцыя Airbus на выставе Dubai Airshow 2021 / L.Borrel

Акрамя таго, кампанія Airbus публікуе і відэа-дзённікі з выставы. На апошнім відэа, якое было апублікавана 16 лістапада, можна разглядзець прадстаўлены H175 бліжэй. «Чырвоная і зялёная палосы ўжо ёсць, падаецца, што дадаць герб – і вось ужо ўрадавы верталёт Рэспублікі Беларусь», – падумалі мы.

Лукашэнка хацеў купіць верталёт за $17 мільёнаў, але вытворца адмовіўся

Кадр з відэа-дзённіка Airbus на Dubai Airshow 2021 / Airbus

Варта было толькі крыху пашукаць, як высветлілася, што менавіта гэты верталёт Airbus Helicopter H175 з часовым бартавым нумарам G-NHVA / F-WWOF знаходзіўся на тэставых выпрабаваннх паблізу французскага Марсэля 26 жніўня 2020 года. Але самае цікавае, што фатограф пад нікам Icare spotter сфатаграфаваў яго і падпісаў «Airbus Helicopter H175. Belarus government». А зараз звярніце ўвагу на расфарбоўку і надпіс «Беларусь».

Лукашэнка хацеў купіць верталёт за $17 мільёнаў, але вытворца адмовіўся

Airbus Helicopter H175 у афіцыйнай расфарбоўцы Рэспублікі Беларусь на выпрабаваннях у Францыі, 26 жніўня 2020 года / Icare spotter

Такім чынам, на падставе атрыманай інфармацыі можна казаць пра тое, што ўжо ў жніўні 2020 года Лукашэнка збіраўся купіць для «ўрадавых патрэб» верталёт французскай кампаніі Airbus коштам у $17 мільёнаў. Можна меркаваць, што за борт ужо тады была ўнесена перадаплата, інакш на ім не было б ліўрэі афіцыйнага Мінска. Дарэчы, у Лукашэнкі ўжо ёсць адзін верталёт, які супастаўны па камфорце – AgustaWestland AW139 з бартавым нумарам EW-001PH коштам каля $10 млн. Але, відаць, аднаго яму было мала.

Дык ці атрымае Лукашэнка Airbus Helicopter H175 у свой авіяпарк і чаму з борта знік надпіс «Беларусь» і арнамент у хваставой частцы? Паводле інфармацыі атрыманай motolko.help, сёння Лукашэнка разам з сям’ёй мусіў прыляцець у Дубай. Аднак вылет адмяніўся. Па інфармацыі ад наведвальнікаў выставы, Airbus давялося адмовіцца ад здзелкі і спешна перафарбаваць борт у пошуках новага пакупніка.

Засталося высветліць апошняе, што зараз будзе з гэтым бортам і каму збіраецца вяртаць перадаплату кампанія. Гэтыя пытанні мы прапануем вам адрасаваць верталётнаму падраздзяленню кампаніі Airbus – Airbus Helicopters. Спытаць у іх можна ў: Instagram, Facebook, Twitter і проста на сайце кампаніі.

Адказы авіявытворцы, дадатковую інфармацыю пра авіяпарк чалавека, які незаконна ўтрымлівае ўладу, пра здзелку з Airbus і любыя іншыя падрабязнасці пра авіяцыю не толькі Лукашэнкі, але і ўсёй Беларусі – дасылайце ў @motolko_bot

Папярэдні матэрыял
У Twitter апублікавалі мапу падзей на беларуска-польскай мяжы
Наступны матэрыял
«Адкат на колах»: Алексін падарыў Лукашэнку 9 аўтамабіляў і матацыклаў коштам €1,5 млн

Iншыя матэрыялы