Беларусы знайшлі на сайце дзяржзакупак дзіўныя тэндары, згодна з якімі віцебская БСМП у красавіку і ліпені 2021 года ўжо закупіла 400 паталагаанатамічных пакетаў на агульную суму 3 800 рублёў. У жніўні быў абвешчаны яшчэ адзін тэндар на закупку 120 пакетаў з тэрмінамі пастаўкі 1-7 верасня.
Больш за тое, паводле дадзеных сайта дзяржзакупак, менавіта віцебская БСМП у 2021 годзе закупляла мяшкі для трупаў больш актыўна, чым іншыя ўстановы аховы здароўя Беларусі.
На платформе «Зручны горад» створана петыцыя з патрабаваннем патлумачыць, для якіх мэт УЗ «Віцебская гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі» за няпоўныя 6 месяцаў закупіла 520 паталагаанатамічных пакетаў.
У петыцыі адзначаецца, што кіраўнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Юлія Кастрова ў траўні 2020 года казала, што гадавая патрэбнасць установы ў паталагаанатамічных пакетах усяго 50 штук. Так, гэта іншая ўстанова аховы здароўя, аднак нельга не адзначыць ашаламляльную розніцу ў патрэбах.
Аўтары петыцыі просяць даць адказы на пытанні:
- Чым абумоўлена закупка 520 мяшкоў для трупаў за няпоўныя 6 месяцаў?
- Якая сярэднямесячная/сярэднегадавая патрэба ў паталагаанатамічных пакетах ў УЗ?
- Ці звязана закупка з вялікай смяротнасцю пацыентаў установы ад COVID-19?
Петыцыя сабрала 238 подпісаў і 7 верасня была адпраўлена ў УЗ «Віцебская гарадская клінічная бальніца хуткай медыцычнай дапамогі».
9 верасня адтуль прыйшоў адказ за подпісам Намесніка галоўнага лекара па медыцынскай частцы, у якім сказана:
- Дзяржаўная закупка паталагаанатамічных мяшкоў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з гадавым планам дзяржаўных закупак на 2021 год.
- Паказчыкі сярэднямесячнай/сярэднегадавой патрэбы ў паталагаанатамічных мяшках залежаць ад узроўню шпітальнай смяротнасці, якая адрозніваецца па захворваннях і ўзросце пацыентаў, і ў розныя прамежкі часу можа быць рознай.
- Закупка за 6 месяцаў 2021 года паталагаанатамічных мяшкоў не звязаная з павелічэннем смяротнасці пацыентаў ад COVID-19.
Цікава, што ў канцы сакавіка «Міністэрства аховы здароўя» зладзіў разнос Віцебскай БСМП «па пытанні працы ва ўмовах COVID-19 з ацэнкай якасці аказання медыцычнай дапамогі, працы кіслароднай падстанцыі, выпадкаў смерці пацыентаў у дадзеным шпіталі». Пра гэта паведамляў тэлеграм-канал ведамства:
«ЛКС выявіў недахопы ў арганізацыі медычнай дапамогі пацыентам у рэанімацыі, у арганізацыі абследавання і лячэння, маніторынгу дынамікі стану пацыентаў, афармлення медыцынскіх дакументаў, невыкананне санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму. Выяўленыя прычыны і ўмовы, якія спрыялі аварыйнай сітуацыі ў працы кіслародна-размеркавальнага вузла і кароткачасовага спынення падачы кіслароду ў аддзяленні рэанімацыі, выяўлена неадпаведнасць выкарыстоўванага абсталявання па дзяржстандартах».
Таксама паведамляецца, што была прызначаная дадатковая праверка «на рэспубліканскім узроўні па двух выпадках смерці пацыентаў і ЛКК Віцебскай вобласці па адным выпадку, а таксама дадатковага прадастаўлення дакументаў па працэдуры закупкі і парадку выкарыстання кіслароднага абсталявання».
Фота: ritualtrans.by