Каманда «Чорнай кнігі Беларусі» апублікавала вынікі вялікага расследавання, што раскрывае імёны супрацоўнікаў органаў, якія маюць дачыненне да катаванняў у Фрунзенскім РУУС. Нагадаем, менавіта гэты РУУС адрозніваўся асаблівай жорсткасцю да затрыманых. У жніўні беларусаў шакавалі фота са спартзалы РУУС з акрываўленым БЧБ-сцягам і затрыманымі, якія ляжаць тварам у падлогу, пазней з’явіліся відэа збіцця. З тых падзей прайшоў год, і імёны 48 датычных да катаванняў сілавікоў сталі здабыткам грамадскасці.
У расследаванні выкарыстоўвалася відэа з Фрунзенскага РУУС 11-12 жніўня 2020 года, якое апублікавала каманда ByPol; дакументы і паказанні, прадастаўленыя пацярпелымі ад міліцэйскага гвалту; дакументы, прадастаўленыя камандай ByPol і білінг мабільных тэлефонаў супрацоўнікаў РУУС, з дапамогай якіх яны трымалі сувязь у адсутнасці інтэрнэту. У апісанні датычнасці кожнага супрацоўніка прыводзіцца толькі частка прааналізаваных дадзеных — з мэтай захавання бяспекі грамадзян.
На відэа дзяўчына па імені Марыя, якая пабывала ў Фрунзенскім РУУС у жніўні 2020 года, распавядае, што людзей там адзначалі фарбай жоўтага, чырвонага і чорнага колеру. Затрыманых з чорнай пазнакай збівалі мацней за ўсё. Марыя расказвае, што яе пасадзілі каля ціра, дзе зладзілі імправізаваную катоўню, насупраць людзей, выкладзеных на падлогу, якіх збівалі супрацоўнікі РУУС.
«Бегаюць, скачуць па іх і здымаюць на відэакамеру. Калі аднаго з хлопцаў вадзілі ў душ здымацца, ён бачыў, што там усё ў крыві. А з раніцы, як ні ў чым не бывала, прыходзіць дзядулечка з бабулечкай і пачынаюць падлогу мыць ад крыві. Быў момант, калі мы сядзім усе выгвазданыя, у брудных рэчах, збітыя, а яны на нашым фоне рабілі сэлфі».
Людзі, якія ў жніўні пабывалі ў Фрунзенскім РУУС, апазналі сілавікоў, выяўленых па білінгу тэлефонных размоў. Падрабязную інфармацыю пра дачыненне кожнага можна знайсці ў тэксце расследавання.
Фота: Onliner.by