На русском языке:
Эдуарда Пальчиса обвиняют по четырем статьям УК
Палітзняволенаму блогеру Эдуарду Пальчысу прад’яўленае абвінавачванне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Як стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна» гэта ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці), арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Гэта азначае, што справа супраць палітвязня хутка будзе перададзена ў суд.
Эдуарда Пальчыса затрымалі ў канцы верасня мінулага года — завочна прысудзілі 30 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП пасля якіх ён не выйшаў на свабоду. У чым менавіта абвінавачваюць блогера — невядома.
Раней Эдуард Пальчыс ужо быў прызнаны палітвязнем — са студзеня па лістапад 2016 года. Ён быў затрыманы за публікацыі на сайце 1863x, на яго была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў). У жніўні 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі 9 матэрыялаў сайта 1863x.com. 28 кастрычніка 2016 года блогер быў прысуджаны да 1,9 года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову і вызвалены ў зале суда.
Адрас для лістоў Эдуарду: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.