На русском языке:
Адвокат Наталья Мацкевич снята с защиты Сергея Тихановского
Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня Мікалая Дзядка паведаміў выданню «Радыё Свабода», што адвакат Наталля Мацкевіч вызваленая ад прафесійных абавязкаў. Тую ж інфармацыю пацвердзілі праваабарончаму цэнтру «Вясна»: загадам Мінюста ад 12 кастрычніка 2021 года ў дачыненні да яе распачалі дысцыплінарную справу, таму яна не можа аказваць юрыдычную дапамогу па заключаных дагаворах да яго разгляду.
Аляксандр Дзядок лічыць гэта парушэннем права на абарону:
«Стаіць пытанне аб пазбаўленні яе ліцэнзіі. У майго сына ў выніку наогул прававая катастрофа — ён падчас судовага следства другі раз застаецца без абароны. Спачатку пазбавілі ліцэнзіі Яўгена Маслава, зараз пад такой жа пагрозай Наталля Мацкевіч. Тыдзень таму яна яшчэ змагла наведаць сына ў СІЗА на Валадарскага; планавалі, што наведае ўчора, а тут такая праблема. Лічу, што гэта мэтанакіраванае пазбаўленне права на абарону людзей, непажаданых рэжыму», — сказаў бацька Мікалая Дзядка.
Сама Наталля Мацкевіч пакуль адмовілася каментаваць сітуацыю выданню «Радыё Свабода».
Яна лічыцца адной з самых прызнаных і паспяховых беларускіх юрыстаў-праваабаронцаў. У цяперашні час абараняе кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня Сяргея Ціханоўскага, якога ўжо амаль 4 месяцы судзяць у Гомелі ў закрытым рэжыме. Яна абараняла і іншых грамадскіх дзеячаў па гучных палітычна матываваных справах: была адвакатам кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч, анархіста Мікалая Дзядка, прадстаўляла інтарэсы маці зніклага палітыка Юрыя Захаранкі.