Адвакат Наталля Мацкевіч знятая з абароны Сяргея Ціханоўскага

2 хв.

На русском языке: Адвокат Наталья Мацкевич снята с защиты Сергея Тихановского

Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня Мікалая Дзядка паведаміў выданню «Радыё Свабода», што адвакат Наталля Мацкевіч вызваленая ад прафесійных абавязкаў. Тую ж інфармацыю пацвердзілі праваабарончаму цэнтру «Вясна»: загадам Мінюста ад 12 кастрычніка 2021 года ў дачыненні да яе распачалі дысцыплінарную справу, таму яна не можа аказваць юрыдычную дапамогу па заключаных дагаворах да яго разгляду.

Аляксандр Дзядок лічыць гэта парушэннем права на абарону:

«Стаіць пытанне аб пазбаўленні яе ліцэнзіі. У майго сына ў выніку наогул прававая катастрофа — ён падчас судовага следства другі раз застаецца без абароны. Спачатку пазбавілі ліцэнзіі Яўгена Маслава, зараз пад такой жа пагрозай Наталля Мацкевіч. Тыдзень таму яна яшчэ змагла наведаць сына ў СІЗА на Валадарскага; планавалі, што наведае ўчора, а тут такая праблема. Лічу, што гэта мэтанакіраванае пазбаўленне права на абарону людзей, непажаданых рэжыму», — сказаў бацька Мікалая Дзядка.

Сама Наталля Мацкевіч пакуль адмовілася каментаваць сітуацыю выданню «Радыё Свабода».

Яна лічыцца адной з самых прызнаных і паспяховых беларускіх юрыстаў-праваабаронцаў. У цяперашні час абараняе кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня Сяргея Ціханоўскага, якога ўжо амаль 4 месяцы судзяць у Гомелі ў закрытым рэжыме. Яна абараняла і іншых грамадскіх дзеячаў па гучных палітычна матываваных справах: была адвакатам кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч, анархіста Мікалая Дзядка, прадстаўляла інтарэсы маці зніклага палітыка Юрыя Захаранкі.

Папярэдні матэрыял
Беларусаў будуць штрафаваць за парушэнне масачнага рэжыму на 870 рублёў
Наступны матэрыял
ГУБАЗіК: «падпісантам экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі»

Iншыя матэрыялы