In English:
Review of the main events of the Belarusian propaganda about the war in Ukraine for April 2 by Hajun Project
На русском языке:
Обзор основных событий беларусской пропаганды о войне в Украине за 2 апреля от Гаюна
Праект Гаюн апублікаваў агляд аб дзейнасці беларускай прапаганды на тэму вайны з Украінай за 2 красавіка.
2 красавіка «адзначаецца» Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Свята з’явілася ў сувязі з падпісаннем 2 красавіка 1996 года Дагавора аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі (пазней трансфармавалася ў Саюзную дзяржаву). Таму сёння ваеннае ведамства было сканцэнтравана на святкаванні, якое заключалася ў правядзенні інфармацыйных гадзін, публікацыі віншавальных відэа і інш.
У сувязі з гэтым мы звярнулі ўвагу на праграму «Анфас», дзе быў паказаны сюжэт (гл. з 6:00), прысвечаны «гібрыдным войнам, інфармацыйным бомбам, псіхалагічным пасткам» супраць Узброеных сіл Беларусі. Адзначым, што ў паказаным матэрыяле часткова выкарыстоўваліся старыя каментары (напрыклад, А. Дзерманта — з Мінскага СВУ 16 сакавіка і інш).
Коратка аб асноўных паведамленнях сюжэту:
- інфармацыйныя атакі на УС РБ працягваюцца. Але войскі «ўпэўнена трымюць пазіцыі»;
- Беларусь імкнуцца ўцягнуць ва ўзброены канфлікт (ва Украіне), але беларусы выступаюць за дыпламатыю і мірнае ўрэгуляванне любых канфліктаў;
- войскі нарошчваюць свой патэнцыял, выступаючы эфектыўным фактарам стрымлівання;
- падкрэсліваецца міратворчая місія А.Лукашэнкі ва ўсіх канфліктах;
- адзін з кампанентаў павышэння ўстойлівасці да інфармацыйнага ўздзеяння — гэта падтрымка грамадзянскай супольнасці (пад якой разумеюцца «эксперты» і «грамадскія дзеячы», якія наведваюць воінскія часткі з «гадзінамі палітінфармацыі»);
- перад пагрозай патрабуецца яднанне ўсіх беларусаў.
Вецер падзьмуў у процілеглым напрамку. На фоне адсутнасці значнага поспеху УС РФ ва Украіне (і вываду часткі сваіх войскаў) беларуская прапаганда пераходзіць на новы (стары) наратыў — «за мір ва ўсім свеце». І вайну ва Украіне прапаганда імкнецца разгарнуць у неабходнае для ўладаў Беларусі рэчышча.
Дзеля справядлівасці, варта адзначыць правільнасць некаторых паведамленняў. Напрыклад, вельмі негатыўнае стаўленне беларусаў да вайны ва Украіне паказвае і апошняе апытанне. Такія настроі ўлада ўлічвае ў планаванні сваіх наступных дзеянняў (у тым ліку на інфармацыйным фронце).
Агляд падрыхтаваны маніторынгавай камандай Праекта Гаюн