Беларускі Гаюн апублікаваў агляд аб дзейнасці беларускай прапаганды на тэму вайны з Украінай за 22 красавіка.
Беларускім прапагандыстам не дае спакою тэма забойства грамадзянскага насельніцтва ў Бучы. БелТА апублікавала гісторыю грамадзяніна Таджыкістана Цімура Хагайназарава.
Коратка. У красавіку Цімуру з жонкай удалося выехаць з Кіева ў Варшаву. На варшаўскім вакзале яму паступіла наступная прапанова: за забеспячэнне ўсіх неабходных умоў для жыцця ў краінах ЕС патрабавалася ўзяць удзел у здымках пастановачнага відэа ў Германіі. На камеру трэба было расказаць пра зверствы рускіх вайскоўцаў у Бучы. Мужчына ад прапановы адмовіўся.
Вось такія чарговыя неаспрэчныя доказы, што трагедыя ў Бучы — гэта правакацыя і пасквіль на доблесныя Узброеныя сілы Расіі. Такімі гісторыямі працягваецца праца на ўнутраным інфармацыйным полі. Іх мэта — пераканаць насельніцтва ўнутры краіны. На вонкавым жа інфармацыйным полі гісторыя чалавека, якую элементарна можна падрабіць, не зможа пераканаць увесь свет, які ўбачыў кадры з Бучы і іншых вызваленых украінскіх гарадоў.
Агляд падрыхтаваны маніторынгавай камандай Праекта Гаюн