Агляд асноўных падзей беларускай прапаганды аб вайне ва Украіне за 27 сакавіка ад Гаюна

Фота: Міністэрства Абароны РБ
6 хв.

In English: Review of the main events of the Belarusian propaganda about the war in Ukraine for March 27 by Hajun Project
На русском языке: Обзор основных событий беларусской пропаганды о войне в Украине за 27 марта от Гаюна

Праект Гаюн апублікаваў агляд аб дзейнасці беларускай прапаганды на тэму вайны з Украінай за 27 сакавіка.

У нядзелю выйшаў чарговы выпуск праграмы «Арсенал». Некаторыя сюжэты прама ці ўскосна тычыліся вайны ва Украіне.

1) У праграму быў уключаны сюжэт пра сітуацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы. Адзначым, што раней названы сюжэт (у скарочанай версіі) таксама публікаваўся на рэсурсах Міністэрства абароны

Ключавыя моманты пашыранай версіі сюжэту:

  • карэспандэнт расказвае аб засяроджванні танкавых падраздзяленняў на мяжы. Паводле яго слоў, задачы вайскоўцаў выключна абарончыя: ніхто ні на каго нападаць не збіраецца;
  • байцы на пазіцыях максімальна сабраныя: расслабіцца — значыць стварыць пагрозу нацыянальнай бяспецы;
  • беларусы ў няпросты перыяд згуртаваліся вакол войска;
  • сітуацыя на мяжы спакойная, але часам дыскамфорт жыхарам дастаўляе навіны аб тым, што адбываецца ва Украіне;
  • рускія і ўкраінцы нам не чужыя — душа баліць за ўсіх;
  • больш выразна адчуваецца цана міру ў Беларусі.

Такім чынам, праз сюжэт праводзяцца некалькі стандартных апошнім часам пасылаў: Беларусь абараняе сябе, нападаць на Украіну не збіраецца. Але з’яўляюцца і новыя — «душа баліць за ўсіх». Так, адбываецца спроба быць «над сутычкай», і дыстанцыявацца ад удзелу ў вайне. Таксама можна заўважыць выкарыстанне старога наратыву пра «ў Беларусі няма вайны», які зноў пачынае актуалізавацца і актыўна выкарыстоўвацца.

Досыць цынічна гучаць словы пра «дыскамфорт ад навін з Украіны». Але ў дадзеным выпадку ўстрымаемся ад дадатковых каментароў.

2) У рубрыцы «Развод» карэспандэнт дзіўным чынам змяшала генацыд беларусаў, краіны ЕС, ЗША і Канаду, Вермахт, вайну ва Украіне.

«Лагічны» ланцужок:

  • у час Вялікай Айчыннай вайны ажыццяўляўся генацыд беларусаў;
  • у Вермахце ваявалі невялікая колькасць добраахвотнікаў са ЗША, Канады, Вялікабрытаніі. Дакладная колькасць добраахвотнікаў невядомая;
  • Вашынгтон і Брусель «зноў у барацьбе супраць Масквы і Мінска», і падтрымліваюць нацыстаў ва Украіне;
  • расійскія войскі знаходзяць ва Украіне «залітыя крывёю турмы СБУ і нацбатаў, у якіх вязняў падвяргалі катаванням»;
  • на Данбасе знойдзеныя масавыя пахаванні ахвяр неанацыстаў.

Мы не будзем спыняцца на дзіўных прычынна-выніковых сувязях сюжэту. Але звернем увагу, што ў розных эпізодах адной праграмы выкарыстоўваецца рыторыка ад «душа баліць за ўкраінцаў» да »ва Украіне ўлада ў руках нацыстаў». Можна канстатаваць, што адбываецца ўжо «заблытванне» ў сваіх (беларускіх) і рускіх наратывах прапаганды, якія трэба даносіць да масавай аўдыторыі.

Таксама адзначым спробу выкарыстаць тэмы расследавання генацыду беларускага народа ў самых розных грамадска-палітычных кантэкстах (у тым ліку і ў дачыненні да вайны ва Украіне).

Агляд падрыхтаваны маніторынгавай камандай Праекта Гаюн

Папярэдні матэрыял
Уначы гарэлі дзве шафы з аўтаматыкай на чыгуначным перагоне пад Асіповічамі
Наступны матэрыял
Грузавік ВС РФ пратараніў легкавую машыну

Iншыя матэрыялы