In English:
Situation report on military activity on the territory of Belarus for March 17 by Hajun
На русском языке:
Оперативная сводка от Гаюна за 17 марта о военной активности на территории Беларуси
Тэлеграм-канал «Беларускi Гаюн» апублікаваў зводку аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі на 07:00 18 сакавіка.
Працягваецца перамяшчэнне калон ваеннай тэхнікі УС РФ з апазнавальным знакам «V» па тэрыторыі Беларусі (тут, тут і тут). У асноўным гэта грузавікі і бензазапраўшчыкі. Колькасць машын у калоне можа даходзіць да 30 адзінак. Таксама здзяйсняецца перакідка ваеннай тэхнікі па чыгунцы. Так, у Гомелі, Жлобіне і Светлагорску (Гомельская вобласць) былі заўважаны эшалоны з ваеннай тэхнікай. На платформах можна было заўважыць танкі Т-72.
У Мінскім раёне, а таксама недалёка ад горада Мазыр былі заўважаны 2 калоны з ЗРПК «Панцыр-С1». А ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) заўважана перавозка ракет для ЗРК «С-400». Такім чынам, можна канстатаваць перамяшчэнне сіл і сродкаў СПА УС РФ.
Таксама была зафіксаваная перавозка ракет для АТРК «Іскандэр». Вядома, што ўвечары 17 сакавіка на ваенны аэрадром у Мачулішчах прызямліліся транспартныя самалёты Ан-124 і Ан-26 ВКС РФ. Адзначым, што такімі самалётамі перавозіліся ракеты для «Іскандэраў».
З тэрыторыі Украіны працягваюць актыўна паступаць параненыя вайскоўцы УС РФ. Так, у Гомелі былі заўважаныя 5 санітарных аўтобусаў «ПАЗ», якія выкарыстоўваюцца для перавозкі параненых. Паведамлялася, што калона рухалася на нізкай хуткасці ў напрамку аэрапорта «Гомель», адкуль параненыя ў далейшым эвакуююцца транспартнымі самалётамі.
Найбольшая лётная актыўнасць самалётаў была зафіксаваная на ваенных аэрадромах у Баранавічах (тут) і Лідзе (тут і тут). Таксама фіксаваліся вылеты верталётаў з аэрадрома в. Вялікі Бокаў (Мазырскі раён). Нязначная актыўнасць была зафіксавана ў аэрапорце «Гомель».
Паступала інфармацыя аб канцэнтрацыі верталётаў ВКС РФ на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах. Затым група з 13 верталётаў вылецела ў напрамку горада Бабруйск. Пазней стала вядома, што верталёты паляцелі на ваенны аэрадром Сешча (Бранская вобласць, Расія). Дакладная прычына перамяшчэння верталётаў невядомая.
Працягваецца нанясенне ўдараў па тэрыторыі Украіны аператыўна-тактычнымі ракетнымі комплексамі. Так, было зафіксавана 2 пускі ракет з тэрыторыі Мазырскага раёна, і 3 – з Калінкавіцкага. Пуск ракет з тэрыторыі Калінкавіцкага раёна быў адлюстраваны на фота. Адзначым, што колькасць паведамленняў аб выпушчаных ракетах была меншай, чым 15 і 16 сакавіка.
Паступае інфармацыя аб выкарыстанні вайскоўцаў тэрміновай службы УС РБ для «бруднай працы» і гаспадарчай дапамогі УС РФ. Так, у г.п. Камарын (Брагінскі раён, Гомельская вобласць) салдат тэрміновай службы прыцягваюць да работ па ачыстцы падбітых танкаў ВС РФ ад бруду і чалавечых астанкаў. Адзначым, што раней паступала інфармацыя аб прыцягненні вайскоўцаў УС РБ для разгрузкі эшалонаў УС РФ з тэхнікай і боепрыпасамі.
Перасоўванняў падраздзяленняў УС РБ зафіксавана не было.
Калі вы валодаеце дадатковай інфармацыяй аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі, звяжыцеся з намі ў @HajunBYbot або праз форму для зваротнай сувязі ніжэй.