In English:
Situation report on military activity on the territory of Belarus for March 27 by Hajun Project
На русском языке:
Оперативная сводка от Гаюна за 27 марта о военной активности на территории Беларуси
Праект Гаюн апублікаваў аператыўную зводку аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі на 22:00 27 сакавіка.
Працягваецца інтэнсіўнае перамяшчэнне калон УС РФ па тэрыторыі Беларусі (1, 2, 3, 4, 5, 6 і інш.). Асобна адзначым калону, якая складаецца з больш за 100 адзінак тэхнікі. Усяго ў пералічаных вышэй калонах магло перамяшчацца не менш за 230 адзінак рознай тэхнікі. Пераважна гэта канвоі забеспячэння, якія складаюцца з грузавых аўтамабіляў «КамАЗ» і «Урал». Таксама сустракаюцца санітарныя аўтобусы «ПАЗ» і БТРы ахоўвання.
Таксама паведамлялася, што ў некаторых машын, заўважаных у Хойніках, было выбіта шкло, а таксама заўважаныя кулявыя адтуліны. Частка машын перамяшчаліся з ужываннем маскіровачных сродкаў (маскіровачная сетка, яловыя і хваёвыя галінкі).
Асноўныя маршруты руху калон – у напрамку да гарадоў Гомель, Мазыр, Калінкавічы і Рэчыца; таксама калоны рухаліся праз Хойнікі. Адзначым, што перамяшчэнне калон ажыццяўляецца ў паўднёвых і ўсходніх раёнах Гомельскай вобласці.
Адзначаецца таксама перамяшчэнні калон баявой тэхнікі. Так, недалёка ад Мазыра былі заўважаны пускавыя ўстаноўкі АТРК «Іскандэр», а таксама ЗРК С-300. Таксама была заўважана артылерыйская калона (у складзе РСЗА «Ураган» і ТЗМ да іх, машын кіраванню агнём 1В18 «Клён» і інш). Фіксаваліся перасоўванні калон цягачоў з траламі (тут і тут), якія перавозяць танкі Т-72Б3 і 122 мм САУ 2С1 «Гваздзік».
Фіксуецца інтэнсіўны рух ваенных эшалонаў. Так, саставы з ваеннай тэхнікай і боепрыпасамі былі заўважаныя ў Рэчыцкім раёне (накіроўваўся ў Гомель), Мазыры (пазней быў заўважаны ў Ельску), і Гомелі (у напрамку Рэчыцы і на станцыі «Гомель-Няцотны»). На платформах перавозілася аўтамабільная тэхніка (пераважна КамАЗы), спецыяльная і інжынерная тэхніка (бензазапраўшчыкі КРАЗ, машыны сувязі, бульдозеры, экскаватары, краны і інш), а таксама браніраваныя баявыя машыны (БТР-82А, БМП і інш). Сумарна эшалоны маглі перавозіць каля 90 адзінак рознай тэхнікі. Асобна варта адзначыць вялікі эшалон, які пайшоў з Гомеля ў напрамку Украіны.
Лётная актыўнасць была зафіксавана на ваенных аэрадромах у Баранавічах, Мачулішчах і в. Вялікі Бокаў. Адзначым, што з аэрадромаў у Мачулішчах і в. Вялікі Бокаў узляталі верталёты.
Працягваецца нанясенне ўдараў па тэрыторыі Украіны тактычнымі ракетнымі комплексамі. Так, было зафіксавана каля 7 пускаў ракет з тэрыторыі Хойніцкага раёна, і 1 — з Нараўлянскага. Паступала інфармацыя аб знаходжанні агнявой пазіцыі для запуску ракет у раёне вёскі Бярозаўка (Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць). Таксама паведамлялася аб магчымых пусках з Пінскага раёна.
Актыўна распаўсюджваецца фатаграфія з горада Славуціч (Кіеўская вобласць, Украіна), на якой сфатаграфаваны нібыта вайсковец УС РБ. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. На фота — вайсковец Расгвардыі РФ.
Перамяшчэння падраздзяленняў УС РБ заўважана не было.
Калі вам вядомая дадатковая інфармацыя аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, звяжыцеся з намі ў @HajunBYbot або праз форму для зваротнай сувязі ніжэй.