Сёння апублікаваны ўказ Лукашэнкі №367 «Аб звароце лічбавых знакаў (токенаў)», які прадугледжвае забарону для фізічных асоб, у тым ліку ІП, на куплю/продаж крыптавалюты па-за беларускімі крыптабіржамі (крыптаабменнікаў).
Зыходзячы з тэксту дакумента выходзіць, што з сённяшняга дня беларусам забаронена купляць, прадаваць і ў прынцыпе здзяйсняць любыя крыптавалютныя аперацыі праз Binance, Bybit, OKX, праз P2P і ўвогуле праз любыя замежныя крыптаабменнікі/біржы/кашалькі. У тэксце прама так і напісана, што гэта «з’яўляецца незаконным і забараняецца».
Па сутнасці для людзей унутры краіны пакінулі толькі зарэгістраваныя ў Беларусі Whitebird, Bynex і яшчэ некалькі. У тэксце ўказа таксама сказана, што Саўмін да 1 чэрвеня 2025 г. павінен распрацаваць адміністрацыйную адказнасць за парушэнне патрабаванняў гэтага ўказа.
Абсалютна відавочным з’яўляецца тое, што гэтыя патрабаванні фактычна забараняюць людзям у Беларусі ананімна выкарыстоўваць крыптавалюту. Пакуль не зразумела, якая будзе адказнасць за невыкананне гэтых патрабаванняў, але ўжо зразумела, што гаворка ідзе пра як мінімум штрафы (а можа і пра канфіскацыю актываў) для тых, хто не хоча паказваць дзяржаве свае крыптавалютныя інвестыцыі.