Беларусы змогуць і надалей атрымліваць ВНЖ і грамадзянства Літвы? Сейм прыняў абмежаванні для беларусаў і расіян

LRT
10 хв.

На русском языке: Беларусы смогут и дальше получать ВНЖ и гражданство Литвы? Сейм принял ограничения для беларусов и россиян

Сейм Літвы прыняў закон XIVP-2496(2), які прадугледжвае нацыянальныя санкцыі Літвы ў дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі з-за вайны ва Украіне. Адзначым, што частка з гэтых мер ужо дзейнічае ў рамках надзвычайнага становішча, абвешчанага ў Літве на межах з Беларуссю і РФ.

За закон аб устанаўленні абмежавальных мер прагаласавалі 76 дэпутатаў Сейма, супраць – 13, устрымаліся 34.

Якія абмежаванні датычацца беларусаў:

  • Прыпыняецца прыём заяў на атрыманне візы грамадзянамі Беларусі ў візавых службах Літвы за мяжой (за выключэннем выпадкаў, калі пасярэднікам выступае МЗС Літвы). Таксама прыпыняецца прыём заяў на атрыманне нацыянальнай візы праз вонкавага пастаўшчыка паслуг за мяжой, да праз візавыя цэнтры VFS Global.
  • Абмяжоўваецца прыём заяў ад грамадзян Беларусі на прадастаўленне статусу электроннага рэзідэнта Літвы і тэрмін дзеяння дзейных сертыфікатаў электроннай ідэнтыфікацыі і кваліфікаваных сертыфікатаў электроннага подпісу. Пры гэтым дадзенае абмежаванне не распаўсюджваецца на беларусаў, у якіх ёсць ВНЖ ці ПМЖ у Літве. Нагадаем, што размова ідзе аб так званым статусе е-рэзідэнта, які дае магчымасць іншаземцам скарыстацца адміністрацыйнымі, грамадскімі або камерцыйнымі паслугамі, што аказваюцца ў электроннай форме ў Літве.
  • Прыпыняецца права грамадзян Беларусі і РФ на ўвоз ці вываз наяўных украінскіх грывен на тэрыторыю Літвы.

А вось якія абмежаванні не закранулі беларусаў:

  • Беларусы па-ранейшаму могуць атрымліваць ВНЖ у Літве.
  • Адсутнічаюць абмежаванні, звязаныя з атрыманнем грамадзянства Літвы беларусамі.
  • Беларусы па-ранейшаму змогуць набываць нерухомасць у Літве.

Закон уступіць у сілу 3 траўня і будзе дзейнічаць да 2 траўня 2024 года. Аднак гэта адбудзецца пры ўмове, што закон падпіша прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пракаментавала закон:

«Ранейшая рэдакцыя законапраекта ўсталёўвала сур’ёзныя абмежаванні ў дачыненні да беларусаў у магчымасці атрымання візаў, падачы на від на жыхарства, грамадзянства, статус е-рэзідэнцтва і ў атрыманні электроннага подпісу.

Падчас заканатворчага працэсу Офіс камунікаваў з прадстаўнікамі палітычных партый, распрацоўнікамі законапраекта, прадстаўнікамі ўлады Літвы. Падчас камунікацый была перададзеная пазіцыя пра недапушчальнасць абмежаванняў і прапановы, распрацаваныя юрыстамі Офіса, пра іх змякчэнне, якія ў выніку былі ўлічаныя падчас другога чытання ў Сейме. Выключаныя абмежаванні па падачы на від на жыхарства, грамадзянства і падачы на е-рэзідэнцтва.

Адзначым, што заканатворчы працэс не скончаны. Згодна з Кантытуцыяй Літвы, закон павінен падпісаць прэзідэнт ці накіраваць да паўторнага разгляду з указаннем прычынаў».

Папярэдні матэрыял
Шайгу: Расія перадала РБ АТРК «Іскандэр-М»
Наступны матэрыял
Актывісты лукашэнкаўскага саюза афіцэраў трэніруюць расійскіх мабілізаваных?

Iншыя матэрыялы