Ціханоўская і BYPOL напісалі ліст у Interpol

DPA.W.Woon
4 хв.

На русском языке: Тихановская и BYPOL написали письмо в Interpol

Офіс Святланы Ціханоўскай і BYPOL даслалі афіцыйны ліст у Interpol з патрабаваннем выключыць доступ афіцыйнага Мінска да базы міжнародных злачынцаў, якую выкарыстоўваюць у мэтах палітычнага пераследу.

Паведамляецца, што ў дасланым лісце BYPOL і кіберпартызаны прыводзяць доказы таго, як рэжым у Беларусі запытвае інфармацыю пра беларусаў у іншых краінах, уключаючы нумары іх тэлефонаў, месцы жыхарства, маёмасць і г.д. Таму дэмакратычныя сілы Беларусі настойваюць на неабходнасці спыніць супрацу Інтэрпола з рэжымам.

11 кастрычніка 2021 года BYPOL апублікаваў аналіз тэлефонных размоваў чыноўнікаў, з якіх вынікала, што афіцыйны Мінск выкарыстоўвае каналы міжнароднай паліцыі не для супрацьдзеяння злачыннасці, а для рэпрэсій супраць беларускіх актывістаў, вымушаных пакінуць радзіму, ратуючыся ад палітычнага пераследу. Больш за тое, беларускія сілавікі спрабавалі ўнесці Святлану Ціханоўскую і іншых лідараў дэмакратычных сіл у вышуковыя спісы Інтэрпола. Але просьба была адхіленая, і Інтэрпол нават вынес рэжыму ў Беларусі папярэджанне за палітычны пераслед апанентаў.

«Аднак рэжым усё яшчэ спрабуе звяртацца ў Інтэрпол для атрымання інфармацыі пра беларусаў і іх выдачу з тэрыторыі іншых краін. Так у спісы Інтэрпола траплялі актывіст Макарый Малахоўскі, дырэктар гродзенскага хоспіса Вольга Вялічка ды іншыя беларусы. Гэтыя людзі апынуліся ў спісах толькі з-за пераследу па палітычных матывах», — паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

У лісце Інтэрполу таксама прапануецца арганізаваць сустрэчу прадстаўнікоў Інтэрпола са Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі BYPOL. У далейшых планах — камунікацыя з Цэнтральнымі нацыянальнымі бюро Інтэрпола ў іншых краінах для абмежаванняў супрацоўніцтва з рэжымам у рамках Інтэрпола.

Папярэдні матэрыял
У Мінск прыбыў генпракурор Расіі Ігар Красноў
Наступны матэрыял
Настаўнікі парушаюць патрабаванне Міністэрства аховы здароўя і не адпускаюць дзяцей на 5 дзён без даведкі

Iншыя матэрыялы