Сёння ў Вільні на сцяне зʼявіўся надпіс на літоўскай мове (зноў з памылкамі), які перакладаецца як «Ціханоўскі, валі з нашага горада».
Нагадаем, раней у Вільні неаднаразова зʼяўляліся надпісы «Вільня hawa» (спроба чалавека, незнаёмага з кірыліцай напісаць «Вільня наша»). Гэтыя спробы распальваць нянавісць літоўцаў да беларусаў не мелі поспеху і былі праігнараваныя грамадствам.
Таму зараз лукашэнкаўскія спецслужбы спрабуюць стварыць нібыта нянавісць літоўцаў да беларусаў. Гэтыя спробы, хоць і не маюць цяпер поспеху, хаця б могуць выкарыстоўвацца дзяржаўнай прапагандай.
На мінулым тыдні невядомыя разбілі шыбы і пакінулі надпісы з заклікам «валіць адсюль» на краме «Кропка» экс-палітвязня Зміцера Фурманава. Беларусы хутка сабралі 400 еўра на аднаўленне магазіна. Варта адзначыць, што чалавек, які сапсаваў знешні від крамы, патрапіў на камеры відэаназірання — і тое, як ён рабіў фота сваёй «працы», верагодна, для справаздачы.
Пашкоджаная крама Kropka.
Навіна пра гэта трапіла ў дзяржаўныя лукашэнкаўскія СМІ з загалоўкамі «ў Літве напалі на беларускую краму сувеніраў», дзе не згадваецца ні экс-палітвязень Фурманаў, ні што ён быў вымушаны зʼехаць з Беларусі – а толькі тое, што нібыта літоўцы стаміліся ад беларусаў і гоняць іх адусюль. Што цалкам укладваецца ў канву прапаганды «беларусаў нідзе не любяць, заставайцеся ў Беларусі, нават калі вы незадаволеныя рэжымам».