На русском языке:
Dze.chat стал самым большим «экстремистским формированием» в мире?
Сёння ў тэлеграм-канале атрада ГУБАЗіК з’явілася інфармацыя, што МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем «групу грамадзян, арганізаваную з дапамогай інтэрнэт-рэсурсу dze.chat, які аб’ядноўвае больш за 1000 тэлеграм-каналаў і чатаў». Зрэшты, не выключана, што байцы сумнавядомага атрада ізноў нешта наблыталі і хутка самі сябе абвергнуць, як было на мінулым тыдні.
Dze.chat быў створаны ў жніўні 2020 года для аб’яднання суседзяў з дапамогай лакальных дваровых чатаў. Ён выкарыстоўваўся беларусамі у тым ліку для кансалідацыі пратэстнай актыўнасці. Праект складаецца з больш за паўмільёна акаўнтаў. Больш за 300 тысяч чалавек з’яўляюцца падпісчыкамі розных чатаў, якія ўваходзяць у яго склад.
ГУБАЗіК сцвярджае, што ўдзельнікам чатаў зараз пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі:
«Дзеянні стваральнікаў, кіраўнікоў, у тым ліку структурных падраздзяленняў гэтага экстрэмісцкага фарміравання (дваравых чатаў), а таксама яго падпісантаў ўтвараюць склад злачынства, прадугледжанага ст.361-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі (да 7 гадоў пазбаўлення волі). Падпіска на названыя рэсурсы, з'яўляецца падставай для правядзення следчых дзеянняў (у тым ліку ператрусу) і дачы прававой ацэнкі кожнаму падпісанту».
Вось, як пракаментаваў сітуацыю адзін са стваральнікаў Dze.chat Антон Матолька:
— Нішто не перашкаджае пасля затрымання «патрэбнага» чалавека падпісаць на якія заўгодна чаты, даслаць якую заўгодна інфармацыю ў боты «экстрэмісцкіх» каналаў. У краіне, дзе адсутнічае права, судовая сістэма — ніхто, на жаль, не абаронены ад бязмежжа лукашэнкаўскага рэжыму. Жнівень 2020 года, як мне здаецца, паказаў усім, на што здольная слабая «ўлада».
Пакуль цяжка меркаваць, ці стаў Dze.chat самым вялікім «экстрэмісцкім фарміраваннем» у свеце, бо ГУБАЗіК нярэдка ўводзіць людзей у зман, каб справакаваць хвалю адпісак ад пратэстных тэлеграм-каналаў і чатаў.