На русском языке:
ЕС может запретить экспорт в Беларусь люксовых автомобилей, ведь они перепродаются в РФ
Аўтарытэтнае выданне Financial Times азнаёмілася з праектам будучых санкцый ЕС супраць рэжыму ў Беларусі. Паведамляецца, што наступныя санкцыі ЕС будуць накіраваныя найперш на сінхранізацыю з дзейнымі санкцыямі супраць РФ.
Сярод іншага журналісты паведамляюць, што наступны пакет можа ўстанавіць забарону ўвозу з Беларусі алмазаў і на экспарт у Беларусь:
- Некаторых тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння (якія могуць выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах);
- Тэхналогій для вытворчасці звадкаванага прыроднага газу;
- Люксавых аўтамабіляў.
Адзначым, што раней пра такія ж планаваныя абмежаванні пісала выданне Радыё Свабода. У FT жа таксама паведамілі, што з 2022 года абʼём экспарту аўтазапчастак і аўтамабіляў з ЕС у Беларусь вырас з $50 млн да $268 млн у месяц. Найбольшы рост назіраецца менавіта ў экспарце дарагіх аўтамабіляў (Rolls-Royce, Maybach і тд). У далейшым, паводле звестак выдання, большая частка гэтых аўтамабіляў трапляе з Беларусі ў Расію, куды экспарт такіх аўто ўжо забаронены.
У гэтым кантэксце можна ўзгадаць нядаўні кейс з увозам у Беларусь з ЕС аўтамабіляў Tesla Cybertruck (кошт ад $57 000). Іх набыла кампанія Moscow Tesla Club, якую заснаваў Аляксей Ерамчук. Мужчыну бачылі за рулём Cybertruck у Мінску, а потым у Маскве. І ён сам у сацсетках расказваў, што яны перапрадаюць іх у Расію.
У каментары FT лідарка дэмсіл Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што санкцыі, уведзеныя супраць Расіі або супраць рэжыму ў Беларусі, не могуць працаваць эфектыўна, калі яны не сінхранізаваныя. Ціханоўская таксама звярнула ўвагу, што ў Еўропе да гэтага часу няма механізму забеспячэння захавання санкцый.
«Дыктатары выкарыстоўваюць адзін аднаго, каб абысці санкцыі і працягваць гандляваць. Беларускі рэжым купляе ваеннае абсталяванне, раскошныя аўтамабілі… для Расіі», – падкрэсліла Ціханоўская.