На русском языке:
«Фильтрация»: что происходит на «проверках» при пересечении границы РБ и в аэропорту?
З розных крыніц працягвае паступаць інфармацыя пра ўзмоцненыя праверкі беларусаў на межах і ў аэрапорце. Нягледзячы на тое, што з увядзення кантролю на мяжы з РФ прайшоў ужо месяц, узмацненне, выклікі на допыты і праверкі гаджэтаў нікуды не зніклі.
Мы сабралі толькі некалькі прыкладаў таго, з чым сутыкаюцца людзі, якія праходзілі мяжу ў апошні час.
Мяжа з Расіяй
На памежных пераходах стаяць узброеныя сілавікі, на дарозе расцягнуты шыпы, мяркуючы па відэа і фота, акрамя пагранічнікаў, мяжу ахоўваюць і ўнутраныя войскі. Праходжанне займае 1,5-2 гадзіны. Турысты апісваюць сітуацыю так: «Усё як у Еўропе».
Правяраюць не толькі людзей на асабістых аўта, але і на рэйсавых аўтобусах. На праверку адводзяць усіх, хто раней затрымліваўся паводле любых артыкулаў. На допыце праверка тэлефонаў на падпіскі і рэпосты, але не толькі ў Telegram, а ва ўсіх месэнджарах і сацсетках.
Па словах людзей, тых, у каго нешта знаходзілі, адразу афармлялі, затрымлівалі і канфіскоўвалі тэхніку. Сітуацыю апісваюць так: «Шукаюць усюды ва ўсіх месэнджарах і сацсетках любое глупства за якое можна ўчапіцца».
«Ехалі на аўтобусе з Масквы. Усіх, хто раней затрымліваўся дапытвалі. Глядзелі ўсе сацсеткі на падпіскі і рэпосты, любое глупства за якое можна ўчапіцца. Некалькі чалавек затрымалі. Справа ў іх стаіць на патоку», – распавядаюць відавочцы.
Нацыянальны аэрапорт «Мінск»
Вядома, што праверкі працягваюцца і ў аэрапорце. Пры праходжанні пашпартнага кантролю людзей адводзяць у бок, найперш пад гэта падпадаюць тыя, хто раней прыцягваўся па пратэстных артыкулах. І так, узрост не мае ніякага значэння – правяраюць як маладых людзей, так і пенсіянераў.
Некаторых выклікаюць у асобнае памяшканне, дзе супрацоўнік у цывільным пытаецца: «За што затрымлівалі?», «Ці падпісаны на экстрэмісцкія каналы?», «Навошта ездзілі ва Украіну ці ёсць там сваякі?».
Таксама ў межах праверкі ва ўсіх вядомых нам выпадках супрацоўнікі правяралі тэлефоны людзей.
«На пашпартным кантролі выклікалі на праверку мяне і 5-10 чалавек з рэйса. Правяралі Telegram і пыталіся пра сваякоў ва Украіне».
Пра праверкі ў аэрапорце пісаў і dev.by, закранулі яны і IT-спецыяліста, які прыляцеў у Беларусь пасля таго, як не быў год.
«Пашпартны кантроль. У дамы за шклом – спіс прозвішчаў на паперцы. Кожнага правярае па гэтым спісе. Убачыла маё прозвішча – адразу за тэлефон. Я пытаю: «Што за спіс, каму тэлефануеце?» Мне ў адказ: «Які спіс? Нікому я не тэлефаную!», – распавёў ён.
Мужчыну і яшчэ каля 10 чалавек завялі ў асобнае памяшканне, адкуль кожнага выклікалі на размову. Паводле яго слоў, пыталіся, што рабіў у іншай краіне, ці бываў ва Украіне і Польшчы, як даўно працуе ў IT і чаму, ці ўдзельнічаў у пратэстах, ці былі кантакты са спецслужбамі за мяжой.
«Кароннае пытанне: з якой мэтай наведваю Беларусь? (і гэта ў грамадзяніна РБ пытаўся)».
Мяжа з Польшчай
Праходжанне займае 4-12+ гадзін. Выклікі на допыты працягваюцца і там, спачатку памежнікі правяраюць дакументы і калі, «на кампʼютары нешта высвечваецца, і ён выклікае чалавека ў цывільным».
Людзі адзначаюць, што мацнейшы кантроль на ўездзе ў РБ, чым на выездзе. Па словах кіроўцы рэйсавага аўтобуса, на допыты выклікаюць з кожнага рэйса па некалькі чалавек, там правяраюць і тэлефоны. Як і ўсюды ў зоне рызыкі людзі, якія затрымліваліся па адміністрацыйных артыкулах.
Многіх затрымліваюць. Вядома, што з аднаго рэйсавага аўтобуса пасажыраў затрымліваюць 1-2 разы на тыдзень.
«[Апошні раз] на мінулым тыдні. Двух беларусаў павялі на допыт разам з багажом. Іх не было тры з паловай гадзіны. Я падышоў да памежнікаў даведацца, што з пасажырамі. Тыя сказалі, што людзей можна не чакаць, яны не вернуцца. Далей паехалі без іх», – распавёў кіроўца аўтобуса Zerkalo.io.
Мяжа з Літвой і Латвіяй
На гэтай мяжы ўзмоцнена правяраюць актывістаў, якія «засвяціліся» на пратэстах, тых, хто даўно не быў у Беларусі і мае ВНЖ іншай краіны.
Умоўна працэс праверкі там называецца «фільтраванне», памежнікі і мытнікі ладзяць чалавеку «маленькае пекла», а допыт праводзяць супрацоўнікі ў цывільным, пісала «Медыязона». Па словах актывісткі Таццяны Зялко, пытанні задавалі наступныя:
– З кім сустракалася за мяжой?
– Ці павінна яна нешта камусьці ў Беларусі перадаць?
– Ці карыстаецца тэлеграмам і сігналам?
– Што рабіла ва Украіне 2, 5 гады таму?
– Ці прыцягвалася да адказнасці за мяжой і ў Беларусі?
«Бяседа» доўжылася, па словах Зялко паўтары гадзіны і скончылася, калі жанчыне стала дрэнна з-за ціску.
Падобная сітуацыя адбываецца і на мяжы з Латвіяй. Агульным крытэрам для ўсіх допытаў на межах зʼяўляецца праверка тэлефонаў, усіх сацсетак і месэнджараў.