In English:
«This is a choice between Lukashenka and Lukashenka.» Democratic forces discuss the upcoming «Referendum»
На русском языке:
«Это выбор между Лукашенко и Лукашенко». Демократические силы обсудили предстоящий «референдум»
Сёння ў Вільні прайшла прэс-канферэнцыя, на якой лідары дэмакратычных сіл абмеркавалі будучую стратэгію дзеянняў напярэдадні «рэферэндуму» па змене Канстытуцыі, які пройдзе ў Беларусі 27 лютага 2022 года. Удзельнікі заклікалі беларусаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі і паставіць адзнаку пад двума адказамі, тым самым зрабіўшы бюлетэнь несапраўдным.
Спікеры:
- Святлана Ціханоўская, лідар, абраная беларускім народам;
- Павел Латушка, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне;
- Вольга Кавалькова, Каардынацыйная рада;
- Аляксандр Дабравольскі, дарадца Святланы Ціханоўскай;
- Лена Жываглод, суполка *Сумленныя людзі;
- Павел Лібер, платформа «Голас»;
- Павел Марыніч, ініцыятыва «Зубр».
Святлана Ціханоўская
«Учора рэжымам быў абвешчаны нелегітымны «рэферэндум». Гэта спроба ўтрымаць уладу, але гэта ніяк не вырашае палітычны, эканамічны і гуманітарны крызіс і праблемы людзей. Гэта не выбар «за» і «супраць», гэта проста прапанова абраць паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. І гэта не тое, за што беларусы змагаліся і працягваюць змагацца. Беларусы хочуць нармальнага жыцця, бяспекі, свабоды. Беларусы хочуць новыя сумленныя выбары».
Ціханоўская заявіла, што дэмакратычныя сілы былі гатовыя да такога сцэнару і ўчора яны накіравалі лісты ад імя Офіса, КС і НАУ усім міжнародным партнёрам з просьбай не прызнаваць так званы «рэферэндум», падтрымаць патрабаванні беларусаў аб вызваленні палітвязняў і правядзенні новых выбараў, узмацніць ціск на рэжым у выпадку працягу рэпрэсіяў.
Таксама Ціханоўская аб’явіла аб стварэнні аператыўнага штаба дэмакратычных сіл. «У аператыўным штабе ёсць палітычныя структуры і грамадзянскія ініцыятывы, і мы запрашаем усіх, хто хоча далучыцца да нашай працы», — заявіла яна. Напярэдадні «рэферэндуму» каманда збярэцца ў адным офісе ў Вільні.
Аператыўны штаб
У аператыўны штаб увайшлі грамадзянскія ініцыятывы, якія адыгрываюць ключавую ролю:
- платформа «Голас» — займаецца альтэрнатыўным падлікам галасоў;
- «Сумленныя людзі» — ініцыятары кампаніі, якія ўзялі на сябе вялізны пласт працы — адказваюць за дастаўку інфармацыі грамадству, улёткі, працу з тымі, каго прымушаюць быць сябрам выбарчых камісій;
- «Зубр» — адказвае за фіксацыю парушэнняў на ўчастках і адзнакі іх на карце.
- ByPol — займаецца інфармацыйнай бяспекай, адсочвае і аналізуе аператыўную абстаноўку і сітуацыю ў шэрагах сілавікоў і чыноўнікаў для выпрацоўкі рашэнняў.
Што рабіць на выбарчым участку
«Мы заклікаем грамадзян прыходзіць на ўчасткі і здзяйсняць дзеянне з бюлетэнем: рабіць яго несапраўдным, перакрэсліваючы ўсе прапанаваныя варыянты. І пацвярджаць свае дзеянні на платформе «Голас» — гэта дазволіць паказаць рэальную сітуацыю на кожным участку ў кожным горадзе», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Фота: motolko.help
Вольга Кавалькова
У сваёй прамове Вольга Кавалькова падкрэсліла, што ўлада па-ранейшаму працягвае баяцца беларусаў, пра што гавораць бесперапынныя рэпрэсіі. На яе думку, змены ў Канстытуцыю маюць ідэалагічны характар і не садзейнічаюць вырашэнню крызісу, які склаўся ў краіне. «У кароткатэрміновай перспектыве прыняцце Канстытуцыі замарожвае наяўную сітуацыю, а ў сярэднетэрміновай — стварае перадумовы для новага сур’ёзнага крызісу», — заявіла Кавалькова.
Павел Латушка
У сваім выступленні кіраўнік НАУ Павел Латушка падтрымаў агульную стратэгію дэмакратычных сіл. Сярод іншага ён выказаўся аб знаходжанні расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі краіны.
«НАУ лічыць парушаючым міжнароднае права знаходжанне ўзброеных сілаў Расейскай Федэрацыі на тэрыторыі Беларусі, якое ўзгодненае нелегітымнай уладай у Беларусі. У цяперашняй сітуацыі знаходжанне войскаў стварае пагрозу ваеннага канфлікту з суседзямі Беларусі, а таксама страту суверэнітэту Беларусі», — заявіў Латушка.
Лена Жываглод
Прадстаўнік ініцыятывы «Сумленныя людзі» Лена Жываглод адзначыла, што прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэнь несапраўдным — не роўна галасаванню: «Такое дзеянне азначае, што мы карыстаемся магчымасцю і маем права сказаць, што мы думаем, нягледзячы на тое, што нам забараняюць гэта рабіць у Беларусі».
«Мы працуем з сябрамі выбарчай камісіі і запрашаем нават тых, на каго яшчэ да даты абвяшчэння рэферэндуму ўжо ціснулі і прасілі ўступіць у выбарчыя камісіі. Мы прапануем не адмаўляцца. Логіка вельмі простая: калі не пагодзіцеся вы, хутчэй за ўсё рэжым угаворыць кагосьці іншага стаць фальсіфікатарам. Таму заклікаем вас стаць сведкамі і супрацоўнічаць з намі і расказваць, што адбываецца ўнутры», — заявіла Жываглод.
Нагадаем, 18 студзеня ініцыятыва «Сумленныя людзі» апублікавала расшыфроўку адной з такіх размоваў, у якой будучаму сябру выбарчай камісіі абяцалі, што ўсё будзе паводле закону.
Павел Лібер
Прадстаўнік платформы «Голас» Павел Лібер адзначыў, што яго ініцыятыве сёлета будзе з аднаго боку прасцей — не трэба даказваць факт фальсіфікацый, усе беларусы ўжо зразумелі як гэта працуе. Але ў той жа час ён распавёў і пра складанасці: «З 2020 года рэжым стаў больш жорсткім, грамадства стала больш запужаным гэтым рэжымам. Мы дзейнічаем ва ўмовах, калі разумеем, што рэжым будзе выкарыстоўваць актыўна адміністратыўны рэсурс для таго, каб перашкаджаць нашай працы».
Адказваючы на пытанне Ціханаўскай пра бяспеку персанальных даных, Лібер сказаў, што інфармацыя пра «зліў» баз даных з’яўляецца ў дзяржаўнай прэсе прыкладна раз у квартал, аднак гэтых баз так ніхто і не бачыў і заявы пра гэта не адпавядаюць рэчаіснасці.
«Платформа «Голас» не збірае ніякіх персанальных даных, таму дэананімізаваць гэтых людзей вельмі складана. Унікальным ідэнтыфікатарам на платформе з’яўляецца не чалавек, а дасланы бюлетэнь, на адваротным баку якога ёсць подпісы прадстаўнікоў выбарчай камісіі. Гэта бяспечна, бо гэта ананімна. Ніводнага выпадку, што даныя з платформы кудысьці траплялі — у нас няма», — растлумачыў Лібер. Таксама сказаў, што няяўка на выбарчы ўчастак — гэта тое, што чакае рэжым.
Павел Марыніч
Прадстаўнік платформы «Зубр» Павел Марыніч распавёў, што цяпер назіраць і паведамляць пра парушэнні на платформе «Зубр» можа кожны. Ён анансаваў запуск праграмы «Грамадзянскі кантралёр», якая стартуе 27 студзеня 2022 года. Такім кантралёрам можа стаць кожны: студэнт, працоўны, служачы і нават сябра выбарчай камісіі. Усе даныя будуць збірацца бяспечна і ананімна.
Марыніч нагадаў, што за фальсіфікацыю вынікаў рэферэндуму вінаватыя будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Аляксандр Дабравольскі
Дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі адзначыў, што паколькі беларусам не даецца выбару ў выпадку з новай Канстытуцыяй, то аб’яднаныя дэмакратычныя сілы прапануюць паставіць два крыжыкі, у кожнай графе.
«Стабільнасць — гэта там, дзе ўлада мяняецца, а не загнівае. Стабільнасць там, дзе праходзяць сумленныя выбары і грамадства спакойна за гэтым назірае, дзе няма фальсіфікацый і новая ўлада прыходзіць спакойна», — сказаў Дабравольскі.