На русском языке:
«Грады» поступили на вооружение Сил специальных операций
У 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе завяршылася дападрыхтоўка вадзіцеляў з новага папаўнення. Аб гэтым паведаміў канал брыгады.
Заключным яе этапам стала здзяйсненне 50-кіламетровага марша ў складзе калоны. Пасля праходжання марша вайскоўцам была прысвоена класная кваліфікацыя «кіроўца 3-га класа».
На апублікаваных фота можна заўважыць рэактыўную сістэму залпавага агню «Град». Нагадаем, што пра падрыхтоўку Сіл спецыяльных аперацый да прыняцця на ўзбраенне «Градаў» мы пісалі яшчэ ў ліпені 2023 г. А ў траўні 2024 г. РСЗА «Град» былі заўважаныя на парадзе войскаў Брэсцкага гарнізона, і выставе тэхнікі 103-й паветрана-дэсантнай брыгады ў Віцебску.
Дападрыхтоўка кіроўцаў для ваджэння РСЗА «Град» зʼяўляецца канчатковым пацвярджэннем іх паступлення на ўзбраенне змешаных артылерыйскіх дывізіёнаў 38-й дэсантна-штурмавой і 103-й паветрана-дэсантнай брыгад. Верагодней за ўсё, у кожным з дывізіёнаў былі сфарміраваныя рэактыўныя артылерыйскія батарэі (па 6 баявых машын у кожнай).
Чарговы раз варта звярнуць увагу, што ў Сілы спецыяльных аперацый паступілі старыя «Грады» (на шасі Урал-375Д), а не больш мадэрнізаваныя варыянты, якія вырабляе беларускі ВПК. Напрыклад, РСЗА «Шквал» ці РСЗА «БелГрад–2».
На ўзбраенні змешаных артылерыйскіх дывізіёнаў брыгад Сіл спецыяльных аперацый (акрамя РСЗА «Град») таксама знаходзяцца 122-мм буксірныя гаўбіцы Д-30, 120-мм буксіраваныя мінамёты 2Б23 «Нона-М1», а таксама супрацьтанкавыя ракетныя комплекс.