У рэдакцыю motolko.help паведамілі, што 24 верасня 2021 года «борт №1» з рэгістрацыйным нумарам EW-001PB падрыхтавалі да вылету з Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». Мяркуецца, што з прыватным візітам у Сочы на ім вылецеў Аляксандр Лукашэнка з сям’ёй.
У сеціве з’явіліся здагадкі, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прапанаваў абмеркаваць пытанні бяспекі Саюзнай дзяржавы РФ і Беларусі на аператыўнай нарадзе з членамі Савета бяспекі. Акрамя таго, у бліжэйшыя выхадныя ў Сочы пройдзе гонка «Формулы-1».
У гэты ж дзень, 24 верасня, з Мінска ў Сочы паляцеў яшчэ і прыватны борт RA-02735. Хто быў пасажырамі гэтага рэйса — невядома.
У нядзелю, 26 верасня 2021 года, у 18:35 «борт №1» з рэгістрацыйным нумарам EW-001PB вылецеў з Сочы. За гадзіну да гэтага з Сочы вылецеў рэйс RA-02735.
Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўнае тэлебачанне ніяк не пракаментавалі візіт Лукашэнкі ў Расію.