Калеснікава хоча зрабіць з «Валадаркі» культурны хаб і музей рэпрэсій

Фота: t.me/viktarbabarykaofficial
3 хв.

На русском языке: Колесникова хочет сделать из «Володарки» культурный хаб и музей репрессий

Пра гэта яна распавяла свайму бацьку падчас учорашняй «сустрэчы» ў СІЗА, паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі. Марыя падрыхтавала праект і распавяла, як яна бачыць Пішчалаўскі замак на Валадарскага, 2 у будучыні.

Асноўнае месца ў праекце займае культурны хаб з музеем ахвяр рэпрэсій, у тым ліку ахвяр камунізму. Гэта будзе музей скульптур пад адкрытым небам і архівам унутры замка.

«У яе вельмі шмат ідэй і яна марыць усё гэта ўвасобіць у жыццё», – распавёў бацька Марыі Аляксандр Калеснікаў пасля сустрэчы ў СІЗА.

Пішчалаўскі замак або СІЗА-1 на Валадарскага размешчана ў цэнтры Мінска і з’яўляецца помнікам архітэктуры. «Валадарка» з’яўляецца адзінай папраўчай установай у Еўропе, дзе прыводзіцца ў выкананне смяротнае пакаранне. Зараз у СІЗА-1 знаходзіцца 116 палітвязняў – больш, чым у любой іншай папраўчай установе Беларусі. Марыя Калеснікава знаходзіцца там са студзеня 2021, туды яе перавялі з ізалятара ў Жодзіне.

8 верасня 2020 года Марыя Калеснікава была затрыманая на мяжы з Украінай, праз суткі пасля таго, як перастала адказваць на званкі. Пазней высветлілася, што сілавікі спрабавалі вывезці яе з краіны, але на мяжы яна парвала свой пашпарт. Да таго, як стаць адной з лідарак беларускай апазіцыі, Калеснікава была прафесійнай флейтысткай і арт-дырэктаркай культурнага хаба Ok16 на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску.

Папярэдні матэрыял
Фота дня. Мігранты сядзяць на нейтральнай паласе аднаго з памежных пераходаў з Беларусі ў Польшчу
Наступны матэрыял
Тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай прызналі «экстрэмісцкім»

Iншыя матэрыялы