На русском языке:
Глава КГБ заявил, что Литва атаковала Беларусь беспилотниками. «Беларускі Гаюн»: нет ни малейших признаков того, что это произошло в реальности
Сёння кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў, што спецслужбы РБ нібыта прадухілілі ўдары беспілотнікаў з тэрыторыі Літвы па аб’ектах у Мінску і наваколлях. Церцель не прывёў ніякіх падрабязнасьцяў і нават не сказаў, калі гэтыя ўдары нібыта праводзіліся і якім чынам КДБ іх прадухіліў.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» прааналізавала ўсе факты і заяўляе:
1. За ўвесь перыяд маніторынгу мы не фіксавалі ніякіх ударных БЛА, якія маглі быць запушчаны з тэрыторыі Літвы па Беларусі.
2. Прадухіленне ўдараў БЛА, пра якія заяўляе Церцель, магло быць некалькімі спосабамі, адзін з якіх — адпрацоўка СПА РБ па варожых мэтах. Мала таго, што запуск ракеты СПА суправаджаецца моцным шумам, дык яшчэ і пакідае вельмі прыкметны след у небе. Не заўважыць яго практычна нерэальна, а ніякіх запускаў СПА на паўночным захадзе Беларусі (напрамак Літвы) не было.
Таксама для знішчэння БЛА ў такой сітуацыі павінен быў быць узняты верталёт ці самалёт, які таксама мог бы збіць цэль, але зноў жа ніякіх запускаў тэхнікай ВПС па паветраных цэлях, як і запускаў сродкаў СПА, проста не было.
Вердыкт «Беларускага Гаюна»: Па нашых назіраннях няма ніякіх фактаў, якія пацвярджалі б словы Церцеля.
Церцель на УНС / Скрыншот: прапагандысцкая сметніца
Адзначым, што Узброеныя сілы Літвы таксама абверглі паведамленне КДБ аб тым, што з тэрыторыі Літвы на Мінск была здзейснена атака з дапамогай беспілотніка.
Прадстаўнік Дэпартамента стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Літвы маёр Гінтаўтас Чуніс абверг гэтыя паведамленні:
«Я магу на 100 працэнтаў сцвярджаць, што гэта дэзінфармацыя. Гэта трызненне, што Літва нанясе ўдар з беспілотніка па Беларусі, іншага слова я не магу падабраць», — сказаў ён у каментары LRT.lt.
Прадстаўнік камандуючага ўзброенымі сіламі Літвы Жывіле Дыджгальвене таксама абвергла інфармацыю, якая распаўсюджваецца мінскім рэжымам:
«Варожая інфармацыйная дзейнасць характарызуецца распаўсюджваннем дэзінфармацыі і ілжывых абвінавачанняў. Узброеныя сілы Літвы не рабілі і не робяць ніякіх варожых дзеянняў супраць іншых краін».