Кіраўнік МЗС Ірана паразмаўляў з Макеем на «непрыемную тэму», а дзяржСМІ пра гэта змаўчалі

Фота: mfa.ir
2 хв.

На русском языке: Глава МИД Ирана поговорил с Макеем на «неприятную тему», а госСМИ об этом умолчали

Учора, 26 кастрычніка, адбылася тэлефонная размова Уладзіміра Макея з кіраўніком МЗС Ірана Хасэйнам Амірам Абдалахіянам, пра якую дзяржаўная беларуская прэса не паведаміла.

Іранскі міністар сказаў, што сур’ёзна занепакоены становішчам сваіх грамадзянаў, якія затрымаліся на беларуска-літоўскай мяжы. Ён заклікаў супрацоўнічаць у гуманітарным кірунку, знайсці гэтых людзей і аказаць ім медычную дапамогу. Акрамя таго, кіраўнік МЗС Ірана заклікаў прадаставіць для амбасады Ірана ў Мінску доступ да іранцаў, каб яны маглі вярнуцца дадому.

Характэрна, што інфармацыі аб гэтай тэлефоннай размове пакуль няма не толькі ў дзяржСМІ, але і на сайце МЗС РБ.

Па словах палітолага Аляксандра Фрыдмана, у гэтай падзеі ёсць яшчэ адна асаблівасць. Справа ў тым, што Іран — гэта не тое ж самае, што Ірак ці Ліван. З Ірана бягуць у ЕС не па лепшае жыццё, а ад фундаменталісцкай дыктатуры, у тым ліку людзі, якіх на радзіме пераследуюць па палітычных, рэлігійных і іншых прычынах. І для такіх людзей вяртанне ў Іран можа мець скрайне негатыўныя наступствы.

Адзначым, што яшчэ 25 кастрычніка інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на пасольства Ірана ў Беларусі паведаміла аб заклапочанасці МЗС Ірана праблемай сваіх суграмадзян на мяжы Беларусі і Літвы. У паведамленні гаворыцца таксама, што прадстаўнік МЗС Ірана знаходзіцца ў пастаянным кантакце з адпаведнымі беларускімі структурамі.

«Амбасада неадкладна звязалася з Міністэрствам замежных спраў і іншымі адпаведнымі беларускімі органамі для атрымання дадатковай інфармацыі аб становішчы сваіх суайчыннікаў, якія апынуліся на беларуска-літоўскай мяжы, і вырашэння іх праблем. Падчас гэтых кантактаў Амбасада звярнулася да кампетэнтных беларускіх органаў з просьбай аб судзейнічанні ва ўсталяванні сувязі з дадзенымі іранскімі грамадзянамі і неадкладным расследаванні ўзніклай сітуацыі», — цытуе агенцтва прадстаўніка МЗС Беларусі.

Па словах прэс-сакратара пасольства Ірана, з пацярпелымі людзьмі на мяжы звязаліся па тэлефоне.

Папярэдні матэрыял
Для паездкі ў санаторый цяпер трэба мець прышчэпку ад COVID-19?
Наступны матэрыял
Францыя абвінаваціла сям'ю Лукашэнкі ў арганізаваным гандлі людзьмі

Iншыя матэрыялы