Партыя «Новае Адзінства», якая знаходзіцца ва ўладзе ў Латвіі, прадставіла ў парламент законапраект, накіраваны на абмежаванне ўгодаў, якія могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Паводле дакументу, грамадзянам Беларусі і Расіі, а таксама юрыдычным асобам, якія належаць ім, прапануецца забараніць купляць нерухомасць у Латвіі, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на Delfi.lv.
У фракцыі падкрэсліваюць, што мэта законапраекта — «не дапусціць шкоднай і небяспечнай з пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў Латвіі дзейнасці, а таксама не дазволіць абыходзіць санкцыі» гэтымі краінамі.
Абмежаванні закранаюць не толькі грамадзян Беларусі і Расіі, але і кампаніі, створаныя ў гэтых краінах, а таксама арганізацыі, дзе рэальнымі бенефіцыярамі з’яўляюцца іх грамадзяне.
Законапраект прадугледжвае выключэнні для тых, хто валодае статусам пастаяннага жыхара Еўрасаюзу або мае сталы дазвол на жыхарства ў Латвіі згодна з законам «Аб іміграцыі».
Дакумент быў распрацаваны ў супрацоўніцтве з Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам замежных спраў Латвіі.
У партыі «Новае Адзінства» лічаць, што такія меры павысяць узровень унутранай бяспекі, не дазваляючы «недружалюбным» Латвіі асобам павялічваць уплыў і прысутнасць у краіне праз куплю нерухомасці, піша press.lv.
«У апошнія гады мы мэтанакіравана працуем, каб умацаваць бяспеку і дзяржаўны суверэнітэт Латвіі, абмяжоўваючы магчымасці Расіі і Беларусі рэалізоўваць свае знешнепалітычныя мэты ў Латвіі або арганізоўваць мерапрыемствы ўплыву і гібрыдныя атакі. Гэты законапраект — яшчэ адзін крок, каб забяспечыць абарону ад магчымых рызык», — адзначыў кіраўнік фракцыі «Новага Адзінства» ў Сейме Латвіі Эдмундс Юрэвіц.