Колькі часу спатрэбіцца беларускаму ВПК на пераўзбраенне арміі танкамі Т-72БМ2?

Ваяр
7 хв.

На русском языке: Сколько времени понадобится беларусскому ВПК на перевооружение армии танками Т-72БМ2?

Нядаўна ў нас выйшла публікацыя, прысвечаная мадэрнізацыі танкаў Т-72Б да ўзроўня Т-72БМ2. У цэлым выпрабаванні новага танка працягваюцца, і ў войска першыя машыны патрапяць не раней за 2024 год. Цяпер мы вырашылі паглядзець, колькі часу спатрэбіцца беларускаму ВПК для мадэрнізацыі танкаў, якія знаходзяцца ва эксплуатацыі УС РБ.

Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, Беларусь мае каля 1200 адзінак танкаў Т-72 розных мадыфікацый (А, Б3 і інш.). А ў 2017 годзе МА РБ заявіла, што на ўзбраенні УС РБ знаходзяцца 1317 танкаў Т-72 розных мадыфікацый. У рэальнасці колькасць танкаў будзе менш заяўленай МА РБ колькасці, бо ў 2022 годзе частка танкаў была перададзеная Расіі.

Колькі часу спатрэбіцца беларускаму ВПК на пераўзбраенне арміі танкамі Т-72БМ2?

Танк Т-72БМ2 на выставе MILEX-2023 / wikimedia.org

Частка танкаў эксплуатуецца ў войсках, яшчэ частка – знаходзіцца на захоўванні. Паводле дадзеных даведніка The Military Balance 2023, УС РБ валодалі 497 асноўнымі баявымі танкамі, з іх 477 Т-72Б і 20 – Т-72Б3. Таксама на ўзбраенні УС РБ знаходзіцца нязначная колькасць танкаў Т-72БМ (у некаторых крыніцах – Т-72БМ1, яшчэ адной беларускай мадэрнізацыі танка Т-72Б).

Варта адзначыць, што ў складзе Сухапутных войскаў УС РБ няма танкавых брыгад. Танкавыя падраздзяленні (батальёны) уваходзяць у склад асобных механізаваных брыгад. Без уліку кадраваных часцей у складзе Сухапутных войскаў ёсць чатыры механізаваныя брыгады. У кожнай з іх ёсць па адным танкавым батальёне (далей – тб.) і асобным танкавым батальёне (далей – атб.):

  • 6-я механізаваная брыгада – 51-й атб.;
  • 11-я механізаваная брыгада – 7-й атб.;
  • 19-я механізаваная брыгада – 4-й атб.;
  • 120-я механізаваная брыгада – 355-й атб.

Асобны батальён зʼяўляецца асобнай вайсковай часткай са сваім нумарам і сцягам. Адпаведна, батальён, які ўваходзіць у склад брыгады, не мае свайго нумара ні сцяга.

Колькі часу спатрэбіцца беларускаму ВПК на пераўзбраенне арміі танкамі Т-72БМ2?

Танк Т-72Б 52-га атб. 6-й механізаванай брыгады / Фота: 6-я амбр.

Па інфармацыі з адкрытых крыніц, толькі ў 120-й механізаванай брыгадзе тб. укамплектаваная і выконвае вучэбна-баявыя задачы. У астатніх механізаваных брыгадах тб. кадраваныя (маюць мінімальны штат ваеннага часу, і разгортваюцца пры правядзенні вучэнняў за кошт прызыву рэзервістаў або ў выпадку пачатку ваенных дзеянняў).

Згодна з арганізацыйна-штатнай структурай 2016 года, у складзе адб. механізаванай брыгады было 30 танкаў Т-72Б і яшчэ 1 – Т-72К (камандзірскі варыянт танка Т-72; адрозніваецца наяўнасцю дадатковай навігацыйнай апаратуры і радыёстанцыі).

Адзначым, што не менш за 20 танкаў Т-72Б3 знаходзяцца на ўзбраенні 355-га атб. (па іншых крыніцах – тб. 120-й механізаванай брыгады). У 2017 годзе батальён атрымаў 4 танкі Т-72Б3, у 2018 годзе – 10 і ў 2020 годзе – яшчэ 5 (усяго 19 машын). Такім чынам, ⅔ танкаў у батальёне 120-й механізаванай брыгады нядаўна былі мадэрнізаваны, і будуць мадэрнізавацца ў апошнюю чаргу.

Колькі часу спатрэбіцца беларускаму ВПК на пераўзбраенне арміі танкамі Т-72БМ2?

Танк Т-72Б3 120-й механізаванай брыгады / Фота: «Ваяр»

Такім чынам, усяго ў чатырох атб. на ўзбраенні знаходзіцца 124 танка Т-72Б/Б3/К. З іх мадэрнізацыі патрабуюць 105 танкаў (124 – 19 Т-72Б3 = 105). Пры заяўленым чыноўнікамі тэмпам мадэрнізацыі танкаў Т-72Б да ўзроўню Т-72БМ2 у 20-30 машын за год на поўнае пераўзбраенне толькі чатырох атб. механізаваных можа спатрэбіцца пры ўдалым збегу абставін ад 3 да 5 гадоў. Адпаведна, столькі часу спатрэбіцца і на пераўзбраенне тб. механізаваных брыгад. Але з прычыны таго, што большая частка тб. кадраваныя, перадаваць ім новыя танкі будуць не ў першую чаргу (калі ўвогуле будуць).

Цяжка сказаць, наколькі падʼёмнай для беларускага ВПК зʼяўляецца задача мадэрнізаваць 100+ танкаў за некалькі гадоў. У адкрытых крыніцах няма дадзеных аб вопыце масавай мадэрнізацыі 140-м рамонтным заводам (менавіта ён зʼяўляецца распрацоўшчыкам танкаў Т-72БМ2) танкаў на экспарт або для ўнутраных запатрабаванняў войска.
ф
У 140-га рамонтнага завода ёсць вопыт мадэрнізацыі дастаткова буйных партый бронетэхнікі (напрыклад, сама меней батальённы камплект бронетранспарцёраў БТР-70 да ўзроўню БТР-70МБ1). На своечасовае выкананне замовы па мадэрнізацыі танкаў ключавы ўплыў будзе мець наяўнасць дастатковага фінансавання. І апошні пункт, мусіць, зʼяўляецца ключавым момантам.

Так, напрыклад, у ліпені 2021 года МА РБ заключыла кантракт са 140-м рамонтным заводам на капітальны рамонт 10 танкаў Т-72Б. Тэрмін рэалізацыі дагавора склаў паўтара года (з 28.07.2021 па 29.12.2023). Кошт дамовы – 13270500,00 BYN (на момант падпісання – $ 5235324, або $ 523532 за адзінку).

Колькі часу спатрэбіцца беларускаму ВПК на пераўзбраенне арміі танкамі Т-72БМ2?

Скрыншот: gias.by

У сваю чаргу, у верасні 2022 года МА РБ заключыла кантракт з тым жа 140-м рамонтным заводам на капітальны рамонт яшчэ 5 танкаў Т-72Б. Тэрмін рэалізацыі дамовы склаў год з невялікім (з 01.11.2022 па 25.01.2024). Кошт дамовы – 8987700,00 BYN (на момант падпісання – $ 3623634, або $ 724726 за адзінку).

Колькі часу спатрэбіцца беларускаму ВПК на пераўзбраенне арміі танкамі Т-72БМ2?

Скрыншот: gias.by

У дакументах на прыведзеныя вышэй закупкі не раскрываецца пералік работ, якія будуць выконвацца пры капітальным рамонце. Варта чакаць, што мадэрнізацыя танка будзе каштаваць даражэй за яго капітальны рамонт. Бо калі капітальны рамонт мяркуе аднаўленне першапачатковых характарыстык тэхнікі, то мадэрнізацыя мяркуе замену асобных кампанентаў (абсталяванні) для паляпшэння яе характарыстак у цэлым. У выпадку з Т-72БМ2 разам з працамі па мадэрнізацыі хутчэй за ўсё будзе праводзіцца яшчэ і капітальны рамонт асобных вузлоў і агрэгатаў танка. Тут дарэчным будзе згадаць, што па стане на 2013 год амаль палова кошту расійскай мадэрнізацыі танкаў Т-72Б да ўзроўню Т-72Б3 ішла на капітальны рамонт.

Малаверагодна, што кошт Т-72БМ2 будзе меншы за кошт капітальнага рамонту Т-72Б (як адзначалася вышэй, у 2021-2022 гады варʼіравалася ад $ 500 000 да $ 700 000 – у залежнасці ад колькасці рамантуецца тэхнікі). Напрыклад, у адкрытых крыніцах кошт расійскай мадэрнізацыі танка Т-72Б да ўзроўню Т-72Б3 узору 2016 года (з якім часта параўноўваюць беларускі Т-72БМ2) называўся ў 1,2 мільёна долараў. Таму асцярожна выкажам здагадку, што кошт аднаго Т-72БМ2 можа даходзіць да $1 мільёна. Гэтая лічба зʼяўляецца не больш за здагадкай, і рэальны кошт аднаго танка можна будзе пазнаць пазней, пасля запуску серыйнай мадэрнізацыі.

Прыведзеныя вышэй прыклады капітальнага рамонту танкаў Т-72Б дазваляюць убачыць рэальныя магчымасці беларускага ВПК. Так, 140-ы рамонтны завод узяў на сябе абавязацельствы за два з паловай гады правесці капітальны рамонт 15 танкаў коштам $8,8 мільёна. Таму дасягнуць узровень 20-30 мадэрнізаваных за год выглядае рэальнай задачай. А ў сувязі з планаваным павелічэннем ваенных расходаў на 29% у 2024 годзе ў МА РБ будуць рэсурсы для фінансавання мадэрнізацыі танкаў Т-72БМ2.

Калі выказаць здагадку, што кошт аднаго танка Т-72БМ2 будзе складаць $1 мільён, і ў год іх будзе вырабляцца каля 20 адзінак, то такія выдаткі ваенны бюджэт Беларусі зможа вытрымаць. Асабліва прымаючы да ўвагі тэндэнцыю да росту ваенных выдаткаў у бюджэтах апошніх гадоў.

Папярэдні матэрыял
БДУІР падпісаў супрацоўніцтва з экс-кіраўніком ГУБАЗіКа, які летась страляў у падлетка
Наступны матэрыял
Падручнікі з Пуціным, дзіцячыя садкі з кветкамі Леніну і канцэрт «Назад у СССР»: прапаганда СССР у беларускіх школах выходзіць на пік

Iншыя матэрыялы