Лукашэнка прыбыў з візітам у непрызнаную Абхазію. МЗС Грузіі выклікала амбасадара

president.gov.by
4 хв.

На русском языке: Лукашенко прибыл с визитом в непризнанную Абхазию. МИД Грузии вызвал посла

Лукашэнка прыбыў з візітам у непрызнаную Абхазію. МЗС Грузіі выклікала амбасадара

Лукашэнка, яго прэс-сакратарка Наталля Эйсмант, бізнесмен Віктар Шэйман і супрацоўніца пратакола Дар'я Шманай на сустрэчы ў Абхазіі / Фота: Апсныпрэс

Аляксандр Лукашэнка прыбыў з неафіцыйным візітам у самаабвешчаную і часткова прызнаную Рэспубліку Абхазію. Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Апсныпрэс».

Сустрэча апісваецца так:

▪️ «Прэзідэнт Абхазіі выказаў упэўненасць у тым, што прыезд прэзідэнта Беларусі надасць новы імпульс узаемаадносінам паміж двума народамі».

▪️ Лукашэнка: «Учора мы абмяркоўвалі праблемы Абхазіі з нашым старэйшым братам Пуціным. Мы вельмі шмат, да ночы абмяркоўвалі гэтыя пытанні і дашлі да адной высновы, што Абхазію нельга кідаць. Ёй трэба дапамагаць, каб гэты квітнеючы край, людзі, якія тут жывуць, жылі нармальна».

Нагадаем, што Рэспубліка Абхазія з’явілася пасля грузіна-абхазскай вайны 1992-93 гадоў і «пяцідзённай» расійска-грузінскай вайны 2008 года. Незалежнасць самаабвешчанай Абхазіі прызнаюць Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя.

Грузія лічыць Абхазію сваёй аўтаномнай рэспублікай, урад якой знаходзіцца ў выгнанні ў Тбілісі, і чыя тэрыторыя ў цяперашні час акупаваная Расеяй. У дакументах ААН Абхазія таксама разглядаецца як тэрыторыя Грузіі. У Абхазіі размешчана расійская ваенная база.

За перасячэнне мяжы з Абхазіяй з боку Расіі існуе адміністрацыйная і крымінальная адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Грузіі аб акупаваных тэрыторыях.

Варта адзначыць, што 26 верасня Лукашэнка паляцеў у Сочы для сустрэчы з Пуціным. Ваяж Лукашэнку ў Абхазію можна разглядаць як адзін з вынікаў перамоваў. У цэлым, Лукашэнка не хавае, чаму ён раптам вырашыў наведаць з візітам Абхазію – «Уладзімір Уладзіміравіч папрасіў».

Раней Беларусь афіцыйна не прызнавала незалежнасць самаабвешчанай рэспублікі і выступала за тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі. Сам факт пачатку наведвання Лукашэнкам «шэрых зон», чаго ён не рабіў раней, сведчыць аб адсутнасці якой-небудзь субʼектнасці ў яго рэжыму, а таксама гатоўнасці прытрымлівацца ў фарватары расійскай знешняй палітыкі. Урад Грузіі павінен дакладна выказаць сваю пазіцыю і расцэньваць дзеянні Лукашэнкі як замах на тэрытарыяльную цэласнасць краіны.

Адзначым, што ў МЗС Грузіі ўжо выклікалі амбасадара Лукашэнкі. Яму быў выказаны пратэст, а таксама былі запатрабаваныя тлумачэнні з-за візіту ў Абхазію.

Папярэдні матэрыял
Падобна, што Беларусь рыхтуецца да прыёму вайсковых эшалонаў з РФ
Наступны матэрыял
Цяпер беларускія прыватныя школы павінны атрымліваць ліцэнзію: прыняты новы законапраект аб ліцэнзаванні

Iншыя матэрыялы