У Мінскім абласным судзе 6 верасня а 12:00 абвесцілі прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Суддзя Сяргей Япіхаў прызнаў іх вінаватымі па вылучаных абвінавачаннях і прысудзіў 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.
Суд над Калеснікавай і Знакам праходзіў у закрытым рэжыме. Абвяшчэнне прысуду — адзіная адкрытая частка судовага паседжання. Дзесяткі людзей прыйшлі да будынка суда, каб падтрымаць абвінавачаных і іх блізкіх.
Сярод ахвотных трапіць на абвяшчэнне прысуду была Эвеліна Шульц — намесніца кіраўніка дыпмісіі ЕС у Беларусі. Міліцыя не дазволіла ёй прайсці ўнутр, спасылаючыся на распараджэнне беларускага МЗС пускаць на пасяджэнні суда замежнікаў толькі па сваім асабістым дазволе.
Суддзя Сяргей Япіхаў прызнаў Марыю Калеснікаву вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: змова з мэтай захопу ўлады, стварэне экстрэмісцкага фарміравання, публічныя заклікі да дзеянняў, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы. І прысудзіў 11 гадоў пазбаўлення волі.
Максіму Знаку прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі. Суддзя Сяргей Япіхаў палічыў дастатковымі абвінавачванні ў тым, што Знак датычны да стварэння экстрэмісцкага фарміравання і змовы з мэтай захопу ўлады.
Адвакаты Калеснікавай і Знака маюць намер падаць апеляцыю.