Кіраўнік Дэпартамента нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык паведаміў, што на мінулым тыдні здзейсніў візіт у Прагу, дзе правёў шэраг сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі, якія займаюцца пытаннямі бяспекі.
Вынікам сустрэч стаў: абмен інфармацыяй, дамоўленасці аб супрацоўніцтве з мэтай прадухілення ваенных і гібрыдных пагроз у дачыненні да Беларусі і суседніх дзяржаў, а таксама аб супрацьдзеянні спробам РФ выкарыстоўваць Беларусь у мэтах ядзернага шантажу.
Акрамя таго, высветлілася, што падчас паездкі была ўзламаная машына Валерыя Сахашчыка і скрадзеныя дзве сумкі з асабістымі дакументамі. Па словах Сахашчыка, аналіз здарэння, праведзены на месцы чэшскімі спецыялістамі, паказвае на працу спецслужбаў.
«Відавочна, што КДБ пачынае нервавацца, а там, дзе нервы, непазбежна зʼяўляюцца і памылкі. Ну а пакуль Церцель стаў багацейшым на адзін брытвавы станок і нядрэнныя навушнікі», – паведаміў Валерый Сахашчык.