In English:
Migrants remaining in Belarus are planning to get to the EU through Russia
На русском языке:
Оставшиеся мигранты в Беларуси планируют попасть в ЕС через Россию?
Міжнародная арабская газета Asharq Al-Awsat апублікавала артыкул пра двух маладых сірыйцаў Фуадзэ і Рафіка, якія прыбылі ў Мінск з Дамаска ў канцы кастрычніка. Адзін з іх ужо трапіў у ЕС, а другі плануе працягнуць шлях праз Расію, нягледзячы на тое, што спробы прайсці праз Беларусь аказаліся няўдалымі. За наводку дзякуем гісторыку Аляксандру Фрыдману, які звярнуў увагу на артыкул у сваім тэлеграм-канале.
Мігранты расказалі выданню, што прыляцелі ў Мінск з Дамаска 28 кастрычніка. Па словах сірыйскага мігранта Фуада, пасля прызямлення ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск», да самалёта пад’ехаў аўтобус і адвёз усіх турыстаў да будынка аэрапорта. Праз некалькі гадзін прыйшоў ахоўнік і «павёў нас, як кароў» на пашпартны кантроль. Сірыец сцвярджае, што беларускія ўлады збіраюць падрабязную інфармацыю пра ўсіх мігрантаў і нават перапісваюць серыйныя нумары іх мабільных тэлефонаў.
«Там у кожнага забралі мабільны тэлефон. Яны запісалі ягоны серыйны нумар у пашпарт, хутчэй за ўсё, каб за намі сачыць. Пасля гэтага кожны чалавек адпраўляецца адзін на КПП для пацверджання пашпарта, тэлефона і візы з адбіткам вока. Працэс доўжыўся доўга», — кажа Фуад.
Патрапіўшы на мяжу іх шляхі разышліся, Рафіку ўдалося перасекчы мяжу пры дапамозе беларускіх вайскоўцаў, якія рэзалі калючы дрот і кідалі камяні ў польскіх памежнікаў: «Беларускія вайскоўцы разрэзалі калючы дрот і падштурхнулі нас да пераходу ў Польшчу… Адзін вялікі салдат парэзаў дрот, а іншы кідаў польскіх салдат камянямі, каб мы маглі перайсці дарогу, каб яны нас не заўважылі».
У другога мігранта Фуада гэта не атрымалася, ён распавёў, што ў нейкі момант настроі беларусаў змяніліся з «рэзаць дрот, каб аблегчыць праход мігрантаў у Польшчу, на збіццё і вяртанне ў сталіцу». Мігрант кажа, што сёння, 28 лістапада, у Мінск прыбудзе эвакуацыйны рэйс авіякампаніі Cham Wings, каб вярнуць групу сірыйскіх мігрантаў у Дамаск. Апошнімі днямі з Беларусі сапраўды масава вяртаюць мігрантаў, аднак датычыць гэта, у першую чаргу, грамадзян Ірака. Пра эвакуацыйны рэйс у Сірыю інфармацыі яшчэ не было. Тым не менш, нават калі рэйс і прыбудзе сёння, сірыйскія мігранты вяртацца на Радзіму не збіраюцца, а плануюць ехаць у Расію, каб праз Фінляндыю трапіць у ЕС.
«Мы ўсе вырашылі, што не вернемся ў пекла. Мы знялі кватэру на месяц за 1000 долараў, чакаючы аднаго з двух рашэнняў: альбо мы пераязджаем у Польшчу, альбо едзем у Маскву, а адтуль сядаем на таксі ў Фінляндыю, а затым у Еўропу, як абяцаў нам адзін з арабскіх перавозчыкаў», — сказаў Фуад.